У рамках расьсьледаваньня справы аб умяшаньні Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер прад’явіў абвінавачваньні 13 расейскім грамадзянам. Адпаведны дакумэнт апублікаваны на сайце міністэрства юстыцыі ЗША.
У ліку абвінавачаных — бізнэсовец Яўгені Прыгожын, якога лічаць чалавекам, блізкім да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.
У абвінаваўчым дакумэнце гаворыцца пра тое, што расейскае Агенцтва інтэрнэт-расьсьледаваньняў, якое фінансуецца Прыгожыным, у 2014-2016 гадах займалася стварэньнем фальшывых акаунтаў у сацыяльных сетках з выкарыстаньнем імёнаў выдуманых і рэальных людзей, якія жывуць у Злучаных Штатах. На старонках, створаных абвінавачанымі, вялася прапаганда c мэтай расколу амэрыканскага электарату. Абвінавачаныя, згодна з дакумэнтам, мелі шырокую аўдыторыю ў амэрыканскіх сацыяльных сетках. Гэтая група публікавала ў Інтэрнэце прапагандысцкія матэрыялы ў падтрымку кандыдатуры Дональда Трампа, з крытыкай кандыдатуры яго суперніцы Хілары Клінтан, а таксама ладзіла палітычныя акцыі ў Злучаных Штатах, выдаючы сябе за амэрыканскіх актывістаў. Пры гэтым ужо пасьля выбараў быў арганізаваны шэраг акцыяў пратэсту супраць абраньня Трампа.
Абвінавачаныя — мэнэджэры і супрацоўнікі Агенцтва інтэрнэт-расьсьледаваньняў, якое таксама называюць «фабрыкай троляў». Аб дзейнасьці гэтай арганізацыі раней было апублікавана шмат сьведчаньняў, у тым ліку і яе былых супрацоўнікаў. Абвінавачаньні таксама вылучаныя на адрас расейскіх юрыдычных асобаў, зьвязаных з Агенцтвам, у тым ліку і на адрас кампаніі Яўгенія Прыгожына «Конкрод». Сярод абвінавачваньняў — злачынная змова, махлярства і крадзеж асобы. Абвінаваўчы дакумэнт падпісаны спэцыяльным пракурорам Робэртам Мюлерам, які ўзначальвае расьсьледаваньне расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскі выбарчы працэс.
У абвінавачваньні паказана, што самі супрацоўнікі «Агенцтва інтэрнэт-расьсьледаваньняў» вызначалі ў якасьці мэты сваіх дзеяньняў падрыў даверу да палітычнай сыстэмы ЗША. У дакумэнце гаворыцца, што расейцы былі ў кантакце з шэраговымі актывістамі кампаніі Трампа і супрацоўнікамі яго штабу, аднак тыя не здагадваліся, што маюць справу з грамадзянамі Расеі, а не з амэрыканскімі актывістамі, за якіх выдавалі сябе «тролі».
Раней, выступаючы на слуханьнях у Кангрэсе, кіраўнікі вядучых разьведвальных ведамстваў ЗША заявілі, што Расея рыхтуе кампанію па ўмяшаньню ў заплянаваныя на восень 2018 году прамежкавыя выбары.