Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон: Францыя нанясе ўдар па Сырыі, калі пацьвердзіцца выкарыстаньне хімічнай зброі


Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон

Прэзыдэнт Францыі дадаў, што пакуль няма дакладных доказаў, што Дамаск сапраўды ўжыў забароненую зброю па мірным насельніцтве.

Калі пацьвердзіцца выкарыстаньне хімічнай зброі супраць цывільных асобаў у Сырыі ў парушэньне міжнародных дамоваў, Францыя нанясе ўдар, сказаў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Макрон дадаў, што пакуль ня бачыў дакладных доказаў выкарыстаньня такога тыпу зброі супраць мірнага насельніцтва, перадае Reuters.

«Па хімічнай зброі я ўсталяваў „чырвоную лінію“. Калі мы будзем мець доказы ўжываньня хімічнай зброі, мы ўдарым па месцы, дзе яна была ўжытая», — сказаў журналістам Макрон.

9 лютага ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным Эманюэль Макрон выказаў занепакоенасьць з нагоды прыкметаў таго, Дамаск мог выкарыстаць зброю супраць мірных жыхароў.

У студзені 2018 году хімічная зброя была, як мяркуецца, ужытая ў раёне Ўсходняй Гуты, якую кантралюе сырыйская апазыцыя. Паўстанцы, актывісты і шэраг краінаў неаднаразова абвінавачвалі ў выкарыстаньні газападобнага хлёру ўрадавыя сілы, аднак афіцыйны Дамаск пасьлядоўна адмаўляе абвінавачваньні.

Першыя паведамленьні пра ўжываньне хімічнай зброі ў прыгарадзе Дамаску зьявіліся ў СМІ 21 жніўня 2013 году. Францыя і ЗША пры падтрымцы шэрагу арабскіх дзяржаваў сур’ёзна разглядалі пытаньне аб нанясеньні ўдараў. Па выніках перамоваў Сырыя пагадзілася паставіць свае запасы хімічнай зброі пад міжнародны кантроль, 15 лістапада быў зацьвержданы дэталёвы плян зьнішчэньня сырыйскай хімічнай зброі. Аднак у верасьні 2017 году Камісія ААН па расьсьледаваньні хімічных атакаў у Сырыі паведаміла, што ў ходзе сырыйскага канфлікту 33 разы ўжывалася хімічная зброя, 27 разоў хімічную зброю ўжывалі сілы рэжыму Башара Асада.

Францыя, сталы сябра Рады Бясьпекі ААН, неаднаразова спрабавала аказаць уплыў на Сырыю. Крытыкі, якія абвінавачваюць Макрона ў бязьдзейнасьці, кажуць, што ён ня даў выразнага вызначэньня таго, ці будзе выкарыстаньне хлёру для яго ўяўляць сабой хімічную атаку.

Францыя і ААН у апошнія месяцы неаднаразова заклікалі да спыненьня агню і адкрыцьця калідораў дапамогі для зьмякчэньня гуманітарнага крызісу ў Сырыі. Але шматлікія дыпляматычныя намаганьні не дасягнулі вялікага прагрэсу ў напрамку спыненьня вайны ў Сырыі, якая пачалася ў 2011 годзе, забрала жыцьці сотняў тысяч чалавек, мільёны жыхароў краіны сталі ўцекачамі. На мінулым тыдні сырыйскія ўрадавыя сілы, якія маюць падтрымку з боку Расеі і Ірану, абстралялі два апошнія буйныя паўстанцкія раёны Сырыі — Усходнюю Гуту каля Дамаску і паўночна-заходнюю правінцыю Ідліб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG