Горадзенскія ўлады адмовіліся ўваходзіць у аргкамітэт, створаны апазыцыйнымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі, каб сумесна адзначыць 100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі.
У адказе на зварот аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР горадзенскія ўлады паведамілі, што ў горадзе на афіцыйным узроўні «разглядаецца мажлівасьць правядзеньня навукова-дасьледчай канфэрэнцыі, выстаў літаратуры ў бібліятэках горада і шэраг іншых мерапрыемстваў, прысьвечаных гэтай даце».
Сябры аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР у звароце да гарадзенскіх уладаў прапанавалі папярэднюю праграму ўрачыстасьцяў — правядзеньне сьвяточнага мітынгу, шэсьця, канцэртаў, — якую хацелі б сумесна абмеркаваць.
Але чыноўнікі адказалі, што арганізацыя мітынгаў і шэсьцяў у цэнтры гораду мясцовымі органамі ўлады адбываецца толькі падчас адзначэньня дзяржаўных сьвятаў, а, маўляў, 100-я ўгодкі БНР не ўваходзяць у гэты сьпіс. А таму «вашу прапанову аб далучэньні да створанага аргкамітэта прадстаўнікоў гарвыканкама лічым немэтазгоднай».
Камэнтуючы Свабодзе адказ уладаў на прапанову аргкамітэту, кіраўнік Горадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў сказаў, што яны імкнуліся зрабіць усё дзеля таго, каб не прыватызаваць агульнанацыянальнае сьвята і зрабіць яго максымальна шырокім і даступным для ўсіх.
«На жаль, гарадзкая адміністрацыя ня бачыць мэтазгоднасьці ў супрацоўніцтве з грамадзянскай супольнасьцю Горадні. Гэта факт, падпісаны намесьнікам старшыні гарвыканкаму», — кажа Саранчукоў.
У склад Горадзенскага аргкамітэту ўваходзяць 14 арганізацый, сярод якіх апазыцыйныя палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі. Яшчэ ў студзені яны падпісалі сумесны зварот да горадзенскіх уладаў, у якім прапанавалі сумесна адзначыць 100-я ўгодкі БНР. Абгрунтавалі гістарычнае значэньне БНР для сучаснай Беларусі, асобна падкрэсьліўшы, што значная частка гісторыі БНР зьвязаная з Горадняй.
У звароце таксама гаварылася, што «супольнае адзначэньне гэтай даты дасьць магчымасьць наладзіць дыялёг і ўзаемадзеяньне прадстаўнікоў грамадзкасьці, самакіраваньня і адміністрацыі Горадні».