Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначаны суд над сакавіцкім удзельнікам «Маршу недармаедаў» Барановічам


Сьвятаслаў Барановіч, архіўнае фота
Сьвятаслаў Барановіч, архіўнае фота

Працэс над былым палітвязьнем Святаславам Барановічам адбудзецца 15 лютага ў Маскоўскім судзе. Судзіць удзельніка «Маршу недармаедаў» будзе судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка, працэс пачнецца ў 10.30, сказалі Свабодзе ў Маскоўскім судзе.

Сьвятаслава Барановіча абвінавачваюць ва ўжываньні гвалту да супрацоўніка міліцыі падчас «Маршу недармаедаў», які прайшоў у Менску ў сакавіку. Паводле сьледзтва, пасьля акцыі Сьвятаслаў Барановіч зьбіў на прыпынку грамадзкага транспарту супрацоўніка міліцыі ў цывільным. Бойка адбылася падчас спробы пераапранутых міліцыянтаў затрымаць актывістаў анархісцкага руху, якія бралі ўдзел у «Маршы недармаедаў» у масках на тварах. За гвалт супроць міліцыянта Барановічу пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Пра тое, што ад пачатку кастрычніка 2017 году Сьвятаслава Барановіча ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага, шырока стала вядома толькі ў студзені. Сястра вязьня Натальля, зь якой тады пагутарыў карэспандэнт Свабоды, сказала, што брат прызнае сваю віну, а на ўмовы ў «Валадарцы» ня скардзіцца. З таго часу пагаварыць з Натальляй не ўдавалася.

Сьвятаслаў Барановіч вядомы таксама як адзін з апошніх актывістаў, каго судзілі за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 году, калі ўлады брутальна разагналі мітынг пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў. У канцы 2011 году Сьвятаслаў Барановіч быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня без накіраваньня ў месцы пазбаўленьня волі. Да суду праваабаронцы прызнавалі Барановіча палітвязьнем.

Цяпер беларускія праваабаронцы патрабуюць ад уладаў спыніць супроць Сьвятаслава Барановіча крымінальны перасьлед і перакваліфікаваць ягоную справу ў адміністрацыйную.

Каардынатар форуму «Свабоду палітвязьням Беларусі» Ганна Шапуцька сказала Свабодзе, чаму яна выступае за прызнаньне Барановіча палітвязьнем.

«Паводле маіх зьвестак, інцыдэнт, за які завялі справу на Сьвятаслава Барановіча, адбываўся гэтак. Пасьля „Маршу недармаедаў“ невядомыя асобы пачалі затрымліваць удзельнікаў маршу — маладых анархістаў, якія спрабавалі зьехаць на тралейбусе ад плошчы Бангалор. Прычым гэтыя людзі былі ў цывільным і не назваліся, што яны міліцыянты. Пачалася бойка, у якой узяў удзел Сьвятаслаў Барановіч. Але і ён, як іншыя, ня ведаў, што перад ім супрацоўнікі міліцыі, бо яны не назваліся і былі ў цывільным. Ён мог прыняць гэтых людзей за хуліганаў і, адпаведна, аказаць ім супраціў. Дык у чым ягоная віна? А тое, што ён пад арыштам нібыта прызнаў сябе вінаватым — дык гэта таксама зразумела. Націснулі на чалавека, бо добра ведаюць ягоныя палітычныя погляды, і вось помсьцяць».

Удзельнікі форуму «Свабоду палітвязьням Беларусі» зьвярталіся са зваротам адносна справы Сьвятаслава Барановіча ў Генэральную пракуратуру Беларусі, адкуль 30 студзеня прыйшоў адказ, што «зварот адасланы для разгляду ў пракуратуру Менску».

Актывісты заклікалі прызнаць палітвязьнем удзельніка «Маршу недармаедаў» Барановіча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG