Падпісанты пэтыцыі з патрабаваньнем пераназваць вуліцу Савецкую у гонар ганаровага грамадзяніна Наваградка Барыса Кіта лічаць, што яго імем павінна быць названая менавіта адна з цэнтральных вуліц горада.
На іх перакананьне, было б найвялікшай гістарычнай справядлівасьці, каб «у самым сэрцы горада знаходзіліся б дзьве вуліцы, названыя ў гонар славутых сыноў Наваградчыны — Адама Міцкевіча і Барыса Кіта».
У пэтыцыі таксама цытуюцца словы Барыса Кіта, які сказаў у свой час, «што атрымаць званьне ганаровага грамадзяніна Наваградка было для яго найважнейшай пашанай».
Барыс Кіт памёр у Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцьця. Ён быў найстарэйшым беларусам сьвету, вядомым беларускім дзеячом замежжа, выбітным навукоўцам-астрафізыкам.