Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску памаліліся за спачын выбітнага беларуса Барыса Кіта


Паніхіда па Барысу Кіту ў менскім Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы
Паніхіда па Барысу Кіту ў менскім Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы

4 лютага ў менскім Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы была адпраўлена паніхіда за спачын душы вядомага беларускага дзеяча міжваеннай пары і замежжа, выбітнага навукоўца Барыса Кіта.

Барыс Кіт памёр 1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцьця. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Тамара Казевіч . Па яе словах, апошнія дні мужу было вельмі кепска, дапякалі моцныя болі. «Ён ужо не хацеў жыць», — сказала яна.

Разьвітацца і памаліцца за выбітнага беларуса сабраліся некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў інтэлігенцыі, было некалькі былых навучэнцаў Наваградзкай гімназіі, дзе Кіт у свой час працаваў настаўнікам матэматыкі.

Барыс Кіт, лістапад 2017 году
Барыс Кіт, лістапад 2017 году

Айцец Генадзь Буцько правёў службу на беларускай мове, сьпяваў хор брацтва ў гонар сьвятых Віленскіх пакутнікаў.

Барыса Кіта пахаваюць на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе ў другой палове 1980-х ён выкупіў участак. Дата пахаваньня пакуль невядомая, выконваюцца фармальнасьці.

Барыс Кіт — беларускі асьветнік, амэрыканскі навуковец, спэцыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Падчас паніхіды па Барысу Кіту
Падчас паніхіды па Барысу Кіту

Нарадзіўся Барыс Кіт 6 красавіка 1910 году ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і беларуса. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917-га ягоны бацька перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліччыны. Барыс Кіт скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі, выкладаў матэматыку.

Перад вайной яго прызначылі акруговым інспэктарам Баранавіцкай школьнай акругі, пад ягоным кіраўніцтвам адчыніліся дзясяткі беларускіх школ у Баранавіцкім, Наваградзкім, Слонімскім, Валожынскім, Ваўкавыскім раёнах. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны.

За спачын душы вялікага беларуса
За спачын душы вялікага беларуса

Напярэдадні Міністэрства замежных справаў Беларусі выказала спачуваньні з нагоды сьмерці найстарэйшага беларуса сьвету і выбітнага навукоўца Барыса Кіта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG