Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначаны фармат фэстывалю «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова


Афіша фэстывалю "Вершы на асфальце"
Афіша фэстывалю "Вершы на асфальце"

VII міжнародны паэтычны фэстываль пройдзе 16 і 17 лютага ў Менску. У ім возьмуць удзел літаратары, перакладчыкі, музыкі зь Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіны, Нарвэгіі, Швэцыі. Арганізатарамі імпрэзы — Саюз беларускіх пісьменьнікаў" і Беларускі ПЭН-цэнтар.

Упершыню будзе ўручана прэмія імя Міхася Стральцова, адбудзецца ўганараванне ляўрэатаў прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў». Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.

Наведнікаў чакаюць паэтычныя чытаньні, прэзэнтацыі арыгінальных і перакладных кніг, круглы стол па вяртаньні рэпрэсаванай літаратуры, «Ноч паэзіі і музыкі» з уганараваньнем фіналістаў конкурсу «Верш пра каханьне» на прызы «Амэрыканкі».

Сярод гасьцей — зоркі эўрапейскай літаратуры: Стэйнар Упстад (Нарвэгія), Атэна Фарухсад (Швецыя), Вальжына Морт (ЗША-Беларусь). Сяргей Жадан з Украіны прадставіць новую кнігу ў перакладзе на беларускую мову.

Праграма паэтычнага фэстывалю «Вершы на асфальце» распачнецца 16 лютага ўручэньнем прэміі імя Міхася Стральцова (Галерэя TUT.by). Укладальнік Віктар Шніп прэзэнтуе кнігу Стральцова «Я зноўку тут». Таксама адбудзецца ўручэньне прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў».

Асобны блёк будзе прысьвечаны памяці нядаўна памерлага паэта і мастака Міхала Анемпадыстава, засьпявае Кася Камоцкая.

Вечар паэтаў-ляўрэатаў пацягнуць Міхал Бараноўскі, Наста Кудасава,Уладзімер Някляеў. Бард Міхаіл Рубін выканае
«Псалмы» Рыгора Барадуліна.

Завершаць першы дзень міжнародныя чытаньні ў выкананьні Ўладзімера Арлова (Беларусь), Ліліі Газізавай (Татарстан, Расея), Сяргея Жадана (Украіна), Вальжыны Морт (ЗША-Беларусь), Стэйнара Ўпстада (Нарвэгія), Андрэя Сьцепанюка (Польшча), Сяргея Прылуцкага (Украіна-Беларусь), Атэны Фарухсад (Швэцыя).

На наступны дзень імпрэза перамесьціцца ў менскую кавярню «Грай», дзе пройдзе круглы стол «Прапушчаныя старонкі: паэзія 1920-х — пачатку 1930-х». Там будуць прэзэнтаваныя зборы Алеся Дудара і Юлія Таўбіна, а таксама кнігі «Бліскавіцы: анталёгія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага пэрыяду». Мадэратарамі дзеі — Сяргей Будкін, Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль, Ганна Севярынец, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч.

Пра новыя выданьні, якія папоўнілі сэрыі «Кнігарня пісьменьніка», «Пункт адліку», «Бібліятэка «Дзеяслова» ды іншыя, раскажуць Валянціна Аксак, Віктар Жыбуль, Віктар Казько, Ганна Комар, Ігар Кулікоў, Алесь Ліпай, Кацярына Масэ, Уладзімір Някляеў, Сяргей Прылуцкі, Усевалад Сьцебурака, Андрэй Сьцепанюк.

У перакладчыцкім батле сыдуцца Ўладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Сяргей Жадан, Марына Казлоўская, Зьміцер Колас, Ганна Комар, Ігар Крэбс, Ігар Кулікоў, Марыя Мартысевіч, Кацярына Маціеўская, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева, Ганна Янкута.

Таксама заплянаваная прэзентацыя кнігі паэта-набэліста Тумаса Транстромера «Пад вольным небам» з удзелам швэдзкай паэткі Атэны Фарухсад.

Нарэшце, фінальнай часткай стане тэматычная праграма «Ноч паэзіі і музыкі» з удзелам усіх запрошаных літаратараў і ўзнагароджаньне фіналістаў конкурсу «Верш пра каханьне» на прызы «Амэрыканкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG