У цэнтры Кіева прайшла цырымонія прыняцьця прысягі Нацыянальных дружын. Больш як паўтысячы маладзёнаў спартыўнага целаскладу з балаклавамі і апранутыя ва ўніформу прайшлі арганізаваным шэсьцем і заявілі, што не баяцца ўжываць сілу, каб усталяваць на ўкраінскіх вуліцах парадак.
Што абнадзеіла і занепакоіла грамадзтва ў гэтай падзеі, высьветліла Радыё Свабода.
На чыю карысьць парадак
Нацыянальныя дружыны існуюць ужо год. Яны створаныя пад патранатам партыі «Нацыянальны корпус», якую ўзначальвае экс-камандзір добраахвотніцкага батальёна «Азоў», цяпер народы дэпутат Украіны Андрэй Бялецкі. Яго зьвязваюць зь міністрам унутраных справаў Арсэнам Авакавым — вылучэнцам партыі былога прэм’ера Арсэнія Яцэнюка «Народны фронт».
У парлямэнт Бялецкі вымушаны быў балятавацца як незалежны кандыдат. Праваабаронцы заклікалі Арсэнія Яцэнюка не ўключаць камандзіра батальёна «Азоў» у сьпісы партыі, паколькі той «не адмовіўся публічна ад чалавеканенавісьніцкай, антылібэральнай, антыэўрапейскай і адкрыта расісцкай ідэалёгіі свайго руху».
Менавіта экс-камандзір «Азову» і прымаў прысягу Нацыянальных дружын, да складу якіх, паводле яго, увайшлі «маладыя хлопцы, гатовыя ахвяраваць часам, здароўем і сваім дабрабытам дзеля агульнага дабра».
Ад барацьбы з браканьерствам да партызанскіх атрадаў
За год сваёй дзейнасьці дружыньнікі правялі некалькі апэрацый: затрымалі і перадалі паліцыі 500 браканьераў, закрылі столькі ж кропак продажаў нелегальнага алькаголю, спынілі працу 75 незаконных цэнтраў гульнявога бізнэсу, дапамаглі некалькім тысячам пацярпелых ад выбухаў на ваенных складах у Калінаўцы і змагаліся супраць незаконнага будаўніцтва. Усё гэта рабілася без асаблівага агалошваньня ў мэдыях, але на відэа, якое распаўсюджвалася ў сацыяльных сетках арганізацыі, мэтады барацьбы дружыньнікаў часта нагадвалі звычайныя пагромы.
Адначасова дружыньнікі «Нацыянальнага корпусу» бралі ўдзел і арганізоўвалі шмат патрыятычных мерапрыемстваў і спартовых змаганьняў для моладзі. Асобнай тэмай акцый сталі пратэсты супраць Міхэіла Саакашвілі, у якога было шмат публічных дыскусій зь міністрам унутраных спраў Арсэнам Авакавым.
«Дзейнасьць нашай арганізацыі можна падзяліць на некалькі аспэктаў. Тэарытычныя — лекцыі па псыхалёгіі, юрыспрудэнцыі, аратарскае мастацтва, камунікацыі, паліталёгія, ідэалёгія. У фізычным накірунку, разьвіцьці цела і духа, — гэта кантактныя віды спорту, паласа перашкод, якая перасякаецца з вайсковаю тэматыкаю, агульнакамандныя гульні», — распавядае камандзір «Нацыянальных дружын» Ігар Міхайлічэнка.
У той жа час, паводле яго, дружыньнікі змогуць весьці і партызанскую барацьбу.
«Ёсьць гарады, якія знаходзяцца ў 30 кілямэтрах ад мяжы з Расейскай Фэдэрацый, таму там неабходна валодаць асновамі вайсковай падрыхтоўкі, бо вораг побач. Ёсьць разуменьне, што ёсьць вораг, ёсьць замарожаны канфлікт на Данбасе, там служаць нашыя пабрацімы, і калі будзе патрэбна, мы пойдзем ім на дапамогу, будзе неабходнасьць у партызанскай барацьбе супраць ворага, які ўварвецца на нашу тэрыторыю — мы будзем гэта выконваць, будзем ствараць тэрыятарыяльную абарону, і гэта мы ўжо робім», — адзначыў Ігар Міхайлічэнка.
Беларускі сьлед дружыньнікаў?
Пэўную насьцярожанасьць выклікала інфармацыя пра тое, што адным зь кіраўнікоў Нацыянальных дружын ёсьць былы грамадзянін Беларусі Сяргей Кароткіх (Малюта), у мінулым сябра арганізацыі РНЕ (Русское национальное единство). Ён ваяваў на Данбасе ў складзе добраахвотніцкага батальёна «Азоў» (пад кіраўніцтвам Андрэя Бялецкага) і стаў адзіным беларусам, які атрымаў грамадзянства Ўкраіны — у сьнежні 2014 года ўкраінскі пашпарт яму асабіста ўручыў прэзыдэнт Пятро Парашэнка. Потым Сяргей Кароткіх працаваў у паліцыі па ахове стратэгічных аб’ектаў, але напрыканцы 2017 года звольніўся. За год да гэтага ён таксама зарэгістраваў ва Ўкраіне сваю грамадзкую арганізацыю «ЗіРКа» (Захист і реконструкція країни).
«Інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. Сяргей Кароткіх — ветэран полку „Азоў“. Я ня ведаю, чаму і навошта гэтай інфармацыяй спэкулююць, каб яго нейкім чынам прывязаць да Нацыянальных дружын. Але ён ня мае ніводнага дачыненьня да нас», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Нацыянальных дружын Ігар Удовін.
У той жа час на старонцы арганізацыі Сяргея Кароткіх у Facebook дзейнасьць Нацыянальных дружын актыўна падтрымліваецца і распаўсюджваюцца іхныя рэклямныя відэаролікі.
Пагроза для правоў чалавека і інструмэнт для палітычных рашэньняў
Праваабаронцы ж разглядаюць заяўленую дзейнасьць «дружыньнікаў» як пагрозу для правоў чалавека.
«Калі прадстаўнікі грамадзкіх фармаваньняў мяркуюць, што яны могуць працаваць самастойна, забясьпечваць грамадзкі парадак, правяраць дакумэнты грамадзян, ужываць спэцсродкі, складаць пратаколы без удзелу паліцыі, то гэта можа вельмі далёка зайсьці. Закон прадугледжвае, што такія фармаваньні маюць абавязкова праходзіць падрыхтоўку ў паліцыі. Як гэта будзе ажыцьцяўляцца на практыцы? Ці ня будзе гэта пэўны фармалізм або такая пэўная канкурэнцыя ці нейкія альтэрнатыўныя падразьдзяленьні? Таму я вельмі спадзяюся, што будзе грамадзкі маніторынг гэтай дзейнасьці. Бо тое, што мы зараз бачым — збіцьцё, прымяненьне сілы, выкарыстаньне гэтых падразьдзяленьняў зь незразумелай мэтай — у мяне асабіста выклікае занепакоенасьць», — сказаў Свабодзе кіраўнік Экспэртнага цэнтру Юры Белавусаў.
Іншыя экспэрты расцэньваюць падобныя ініцыятывы як заканамернасьць ва ўмовах фактычнай вайны з Расеяй і няздольнасьці ўладаў утаймаваць злачыннасьць.
«Попыт на ўзмоцненае патруляваньне вуліц ёсьць у грамадзтве. Гэта попыт на бясьпеку. Бо мы бачым хвалю міграцыі, посттраўматычны сындром у тых, хто прайшоў вайну, а такім чынам — і ўспышку гвалту. Але такая форма самаарганізацыі ёсьць і спосабам вырашэньня палітычных задач. Наагул такія рухі ва Ўкраіне — даўняя традыцыя: узгадайце, як зьяўляліся УНА-УНСО, «Трызуб», а пазьней — левыя сілавыя рухі. Фактычна, мы бачым парамілітарныя або спартовыя ўтварэньні пры палітычных праектах, — мяркуе палітоляг Уладзімер Цыбулька.
Абмяркоўваецца таксама вэрсія, што з выхадам у «сьвет» Нацыянальных дружын стартавала і выбарчая кампанія — ва Ўкраіне ў 2019 годзе адбудуцца чарговыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Маўляў, Арсэн Авакаў, які мае супярэчнасьці зь Пятром Парашэнкам, дэманструе сваю сілу.
Сам жа міністар унутраных справаў публічна адмежаваўся ад дружыньнікаў.
«У дзяржаве Ўкраіна ёсьць толькі адна манаполія на прымяненьне сілы — дзяржаўная — Нацыянальная гвардыя, Нацыянальная паліцыя, Узброеныя сілы. Усе іншыя парамілітарныя ўтварэньні, якія спрабуюць сябе пазыцыянаваць на вуліцах гарадоў, ня ёсьць законнымі. Я, як міністар, не дазволю, каб былі паралельныя структуры, якія спрабуюць на вуліцах паводзіць сябе як альтэрнатыўныя мілітарныя фармаваньні», — заявіў Арсэн Авакаў.