Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Баранавічамі казакі ўсталявалі два антыўніяцкія крыжы


Ілюстрацыйнае фота. Хросны ход з удзелам казакоў на Лініі Сталіна. Лета 2015 году.
Ілюстрацыйнае фота. Хросны ход з удзелам казакоў на Лініі Сталіна. Лета 2015 году.

Паводле інфармацыі газэты «Наша Ніва», якая спасылаецца на сайт kazak.by, у першай палове студзеня каля вёскі Колбавічы Баранавіцкага раёну актывісты арганізацыі «Казацкі Спас» паставілі два дубовыя крыжы.

На адным крыжы надпіс па-расейску «Адрынутыя гвалтам (1596)», на другім — «Узьяднаныя любоўю (1839)». Гэтыя надпісы былі выбітыя на памятным мэдалі, які быў выпушчаны ў Расейскай імпэрыі з нагоды ліквідацыі ўніяцкай царквы.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», побач з Колбавічамі на ўзьбярэжжы Шчары пабудаваны турыстычны комплекс. Будавалі яго з удзелам расейскага капіталу. Найперш на гэтым месцы была ўзьведзеная каплічка ў гонар Маці Божай «Жываносная крыніца».

За каплічку адказвае настаяцель царквы Сьвятога Антонія ў вёсцы Падгорнай айцец Анатоль Пашкевіч, які і асьвяціў крыжы.

«Мяне папрасілі — я асьвяціў. Крыжы ж нашы, праваслаўныя. Людзі з гораду прасілі, яны зьвязаныя з маскоўскім казацтвам. Гэта знак таго, што ўніяты вярнуліся ў праваслаўе», — цытуе «Наша Ніва».

«Калі мы спыталі ў бацюшкі, ці ня лічыць ён, што крыжы могуць пакрыўдзіць уніяцкіх вернікаў, то сьвятар адказаў: «Дзякуй, што зьвярнулі ўвагу, я падумаю пра гэта», — піша газэта.

Паводле слоў айца Анатоля Пашкевіча, баранавіцкія казакі аблюбавалі гэтае месца ў Колбавічах. «Яны туды часта прыяжджаюць, акунаюцца, ваду набіраюць, у грыбы ходзяць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG