Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч ведае пра справу асуджанага ў Беларусі японца Даічы Ёшыда. Пра гэта ён паведаміў 31 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды.
Японскі мастак, які транзытам ляцеў празь менскі аэрапорт, адбывае пакараньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за незаконны перавоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі.
Паводле Віктара Калінковіча, асуджаны японец добра ведаў, што вязе ў багажы дэталі зброі.
«Калі я б узяў у сябра паляўнічыя патроны і паехаў зь імі ў Турцыю, дык што са мной было б?» — дадаў Калінковіч, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды падчас афіцыйнай прэсавай канфэрэнцыі 31 студзеня.
Ён дадаў, што скарга японца ў Вярхоўны суд будзе «аб’ектыўна разгледжаная».
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, грамадзянін Японіі Даічы Ёшыда асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня паводле ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Ён знаходзіцца ў Віцебскай калёніі ўзмоцненага рэжыму № 3.
У матэрыялах сьледзтва гаворыцца, што ў багажы грамадзяніна Японіі знайшлі 10 замкоў і 4 ствольныя каробкі да вінтовак Мосіна розных гадоў.
На гісторыю японскага мастака зьвярнуў увагу «француз з патронам» Жалян Віё.
Даічы Ёшыда — японскі мастак, які малюе ў стылі манга. У 2016 годзе ён быў запрошаны на фэстываль манга ў Адэсу. У Кіеве набыў у антыкварнай краме розныя часткі зброі да 1945 году выпуску.
15 жніўня 2016 году Даічы Ёшыда вылецеў маршрутам з Кіева ў Токіё з транзытнымі перасадкамі ў аэрапортах Менск і Абу-Дабі. Ён сьцьвярджае, што служба бясьпекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусьцілі яго на рэйс. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня за незаконны перавоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі.
Даічы Ёшыда неаднаразова спрабаваў абскардзіць прысуд, настойваючы на сваёй невінаватасьці.