Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павольны дрэйф Беларусі на Захад


Эўракамісар у пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамоваў аб пашырэньні Эўразьвязу Яганэс Ган зьбіраўся прыехаць у Менск яшчэ летась у кастрычніку. Тады плянавалася, што ён прывязе Аляксандру Лукашэнку запрашэньне ў Брусэль на саміт «Усходняга партнэрства». Ган не прыехаў, саміт адбыўся, кіраўнік Беларусі яго праігнараваў, аднак у графіку эўракамісара візыт у Менск застаўся.

Цяпер гэты плянавы, дзяжурны візыт адбыўся. Руцінныя перамовы, ужо звыклыя заявы Лукашэнкі падчас сустрэчы пра беларуска-эўрапейскія дачыненьні. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што «нельга дапусьціць, каб „Усходняе партнэрства“ стала чыста палітызаванай арганізацыяй», выказаў пажаданьне, каб яно «было больш прыземленым, каб яно было практыка-арыентаваным». У перакладзе з дыпляматычнай на звычайную мову гэта азначае, што ЭЗ не павінен абцяжарвацца тэмамі правоў чалавека ці геапалітыкай, а павінен даваць больш грошай на праекты з такіх галін, як энэргетыка, транспарт, лягістыка.

У ходзе перамоваў Гана зь беларускім кіраўніцтвам гаварылі пра візы, бясьпеку, Лукашэнка падзякаваў ЭЗ за спрыяльную пазыцыю наконт уступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Ган нават адзначыў, што закранаў тэму правоў чалавека.

Аляксандар Лукашэнка і Яганэс Ган
Аляксандар Лукашэнка і Яганэс Ган

Але ня менш адметна тое, пра што абодва бакі не ўзгадалі публічна. Ужо нейкі час афіцыйны Менск настойліва прапануе ЭЗ распачаць перамовы пра заключэньне базавай дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Брусэль адмахваецца, бо лічыць, што з дапамогай гэтага пытаньня можна ўплываць на беларускае кіраўніцтва ў іншых аспэктах. Гэта такі рычаг ціску, напрыклад, у пытаньнях правоў чалавека. Маўляў, спачатку адмяніце сьмяротнае пакараньне, правядзіце свабаднейшыя выбары, тады мы сядзем за стол перамоваў. Рычаг ня вельмі моцны, бо ў рэальнасьці гэтая базавая дамова наўрад ці моцна пашырыць рамкі і падыме столь у дачыненьнях Беларусі з ЭЗ. Але для Брусэля гэта хоць нейкая адносна моцная карта ў руках.

Больш цікавая іншая заява Лукашэнкі: «Мы катэгарычныя прыхільнікі існаваньня моцнага Эўразьвязу, мы катэгарычна супраць цэнтрабежных сілаў у Эўразьвязе, якія аслабляюць яго. Эўразьвяз — адна з наймагутнейшых апораў нашай плянэты, і разбурэньне гэтай асноўнай апоры шматпалярнага сьвету прывядзе да разбурэньня сыстэмы ня толькі бясьпекі, але і эканомікі, і ўсіх іншых сфэраў жыцьця на нашай зямлі».

Ня першы раз кіраўнік Беларусі выказвае падобную думку. Здавалася б, нічога незвычайнага, проста словы дыпляматычнай ветлівасьці. Але варта ўлічыць, што гэтая пазыцыя моцна супярэчыць той палітычнай лініі, якую ажыцьцяўляе Расея.

Справа ў тым, што Масква асабліва не хавае курс на разбурэньне ЭЗ. Кіраўніцтва РФ упэўнена, што паколькі Эўразьвяз — геапалітычны супернік, то чым слабейшы ён будзе, тым лепш. У ідэале для Крамля было б добра, каб ЭЗ разваліўся. І Маскве лягчэй было б уплываць на асобныя краіны — у рамках двухбаковых адносін. Таму афіцыйныя асобы РФ і прыкрамлёўскія палітолягі ўвесь час прадказваюць крах усяго праекту ЭЗ. Расейскія тэлеканалы зь вялікай асалодай апавядаюць пра цэнтрабежныя тэндэнцыі ў ЭЗ, пра мігранцкі крызіс, пра праблемы з эканомікай Грэцыі і іншае. Расея ўсяляк вітае Брэксыт, падтрымлівае Каталёнію ў яе жаданьні аддзяліцца ад Гішпаніі. Масква ўмешваецца ва ўсе выбары ў эўрапейскіх краінах, таемна падтрымлівае пазасыстэмныя антыэўрапейскія партыі ў краінах ЭЗ. Расейскі банк фінансаваў «Нацыянальны фронт» на чале з Марын Ле Пэн у Францыі. У Вугоршчыне Масква актыўна падтрымлівае ўрад Віктара Орбана, у якога існуюць сур’ёзныя рознагалосьсі з Брусэлем.

І на гэтым тле пазыцыя Лукашэнкі, арыентаваная на ўмацаваньне ЭЗ, моцна разыходзіцца з палітыкай Расеі.

Яшчэ адзін цікавы сюжэт. 30 студзеня Міністэрства фінансаў ЗША абнародавала так званы «Крамлёўскі даклад», у якім названыя імёны 114 чыноўнікаў і 96 бізнэсоўцаў РФ, адносна якіх магчымыя амэрыканскія санкцыі.

І якраз у гэты ж дзень амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі заявіла, што ад 1 лютага яна поўнасьцю аднаўляе выдачу візаў грамадзянам Беларусі. Ня думаю, што гэта простае супадзеньне па датах. Падаецца, што Вашынгтон адмыслова робіць дыпляматычны жэст на адрас афіцыйнага Менску якраз у момант, калі дачыненьні з Масквой рэзка абвастраюцца.

Усё гэта азначае, што палітычныя трэнды Расеі і Беларусі ў адносінах з Захадам усё больш разыходзяцца.

«Гэта міт, што цяжка атрымаць візу ЗША». 5 пытаньняў пра амэрыканскія візы для беларусаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG