Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс пацьвердзіў ізраільскім лідэрам, што амэрыканская адміністрацыя плянуе выйсьці з пагадненьня 2015 году аб ядзернай праграме Ірану, калі ў яго ня будуць унесены папраўкі. Пра гэта Пэнс заявіў у апошні дзень свайго знаходжаньня ў Ізраілі.
Віцэ-прэзыдэнт адзначыў, што ЗША працуюць з эўрапейскімі саюзьнікамі па тым, што ён назваў памылковымі часткамі пагадненьня, і ўдакладніў, што прэзыдэнт Дональд Трамп «ясна даў зразумець»: ЗША выйдуць з пагадненьня, калі папраўкі ня будуць унесеныя.
«Мы падаем сыгнал нашым эўрапейскім саюзьнікам аб тым, што настаў час для зьмяненьняў у ядзерным пагадненьні з Іранам, — сказаў Пэнс на сустрэчы з прэзыдэнтам Ізраілю Рэўвэнам Рыўлінам. — Павінны існаваць абмежавальныя меры, каб Іран ня мог атрымаць ядзерную зброю, і мы абяцаем вам працаваць у цесным супрацоўніцтве з нашымі саюзьнікамі па ўсім сьвеце для дасягненьня гэтага». Ізраіль пасьлядоўна выступаў супраць ядзернага пагадненьня з Іранам, якога пасьля працяглых перамоваў дасягнула адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы.
Пэнс завяршае свой візыт у Ізраіль. У панядзелак ён неаднаразова згадваў Ерусалім як сталіцу Ізраілю, выступаючы разам з прэм’ер-міністрам Біньямінам Нэтаньягу. Ён таксама выкарыстаў прамову ў Кнэсеце, каб абвясьціць аб плянах паскорыць тэрміны адкрыцьця амбасады ЗША ў Ерусаліме да канца 2019 году.
У аўторак Пэнс сустрэўся з прэзыдэнтам Ізраілю Рэўвэнам Рыўлінам і паабяцаў, што Злучаныя Штаты будуць супрацьстаяць іранскай ядзернай пагрозе. Затым ён аддаў даніну памяці мэмарыялу Галакосту Яд Вашэм і наведаў Сьцяну плачу. Паездка Пэнса на Блізкі Усход таксама ўключала прыпынкі ў Эгіпце і Ярданіі.