Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУ абвяргаюць, што выключылі лідэрку «Моладзі БНФ»


 Ганна Сьмілевіч
Ганна Сьмілевіч

Дырэктар Інстытуту журналістыкі, дэкан факультэту журналістыкі БДУ Cяргей Дубовік сказаў Свабодзе, што Ганна Сьмілевіч (Пахолка) пакуль яшчэ студэнтка. Што будзе далей?

Студэнтка другога курсу факультэту журналістыкі Ганна Сьмілевіч (Пахолка) у сьнежні 2017 году ўзначаліла «Моладзь БНФ» і пасьля гэтага не здала зімовую сэсію.

Выкладчыкі кажуць, што Ганна была дрэнна падрыхтаваная да экзамэнаў, а дзяўчына лічыць, што прычына ў яе палітычнай дзейнасьці. Яна не здала адразу тры экзамэны: «Мову і стыль сродкаў масавай камунікацыі», «Тэорыю журналістыкі» і «Прафэсійную этыку».

Сяргей Дубовік
Сяргей Дубовік

​— Усё будзе як належыць па законе, па загадзе. Калі яна трапляе пад загад, то яе выключаць за тое, што яна не здала тры дысцыпліны, — кажа ў інтэрвію Свабодзе Сяргей Дубовік.

— А хто ініцыяваў выключэньне гэтай студэнткі?

— Яна сама. Дрэннай вучобай і дрэннай падрыхтоўкай да заняткаў.

— А якія ў яе шанцы працягнуць вучобу, пераздаць экзамэны?

— Яна можа аднавіцца — праз год на гэты ж самы курс. І зноў будзе здаваць гэтую сэсію.

«Я не жадаю вучыцца за мяжой»

Ганна Сьмілевіч сказала карэспандэнту Свабоды, што сёньня пабывала на факультэце журналістыкі, але не сустракалася з выкладчыкамі.

Ёй сказалі, што пераздаць экзамэны ўжо нельга, і як толькі будуць аформленыя дакумэнты на адлічэньне, ёй патэлефануюць. Яна пракамэнтавала пазыцыю выкладчыкаў, якія прымалі экзамэны.

— Што тычыцца прадмета «Прафэсійная этыка» Тацяны Падаляк, я нармальна адказала па білеце, прынесла ўсё, што была неабходна, усе канспэкты. Праўда, на дадатковыя пытаньні я насамрэч дрэнна адказала. Аднак яны тычыліся зусім іншай тэмы — гісторыі журналістыкі, а не прафэсійнай этыкі. Дый наогул тое, што выкладчык па прафэсійнай этыцы без папярэджаньня запісвае экзамэн на дыктафон, гэта неяк парадаксальна і неэтычна.

Што да другога экзамэну, «Мова і стыль сродкаў масавай камунікацыі» (на расейскай мове, выкладчыца Вольга Дзесюкевіч), кажуць, што я «параллельный» напісала з адной «л», а совпадает» праз "о". Але я цэнтралізаванае тэставаньне здала на 96 балаў, і гэта дзіўна, як я магла напісаць няправільна гэтыя словы.

— То бок вы напісалі іх правільна?

— Так, напэўна, я ўжо ня памятаю. Але гэта лягічна, гэта элемэнтарныя словы.

— То бок вы лічыце, што вам павінны былі паставіць станоўчыя адзнакі?

— Напэўна, так.

— А што тычыцца экзамэну па тэорыі журналістыкі?

— Па білеце я ўсё адказала. Насамрэч я лічу, што гэты экзамэн я нядрэнна здала, усё адказала па білеце і ня ведала толькі нейкіх дадатковых пытаньняў — на некаторыя адказала, а на некаторыя не.

— Ваш сярэдні бал школьнага атэстата складаў 9,2 бала?

— Напэўна, так.

— А чаму на тэставаньні вы здавалі расейскую мову?

— Вось так атрымалася. Я вельмі добра вучыла расейскую мову і была пасьпяховай вучаніцай. Таму вырашыла яе і здаваць.

— На першым курсе журфаку не было праблемаў са здачай экзамэнаў?

— За першы курс я ня памятаю сярэдні бал, няма паблізу залікоўкі. Але пераздач і нічога такога не было.

— Што вы зьбіраецеся рабіць далей, калі загад пра адлічэньне ўсё ж выйдзе?

— Напэўна, спачатку мы будзем абскарджваць адлічэньне з журфаку. Я не жадаю вучыцца за мяжой. Я нікуды не пляную зьяжджаць, і калі буду перапаступаць, то менавіта ў Беларусі.

— А калі будзе магчымасьць пераздаць сэсію праз год?

— Так, таксама магчыма.

— Якія ўсё ж прычыны таго, што вы не здалі тры іспыты?

— Я не была вельмі добра падрыхтавана, аднак і палітычны момант таксама меў месца. Бо, як я даведалася, былі людзі, у якіх былі па тры і нават па чатыры пераздачы — і іх пакідалі на журфаку, давалі магчымасьць пераздаць. А мне, як толькі тры пераздачы атрымала, адразу сказалі, што я адлічана. Таму палітыка ў першую чаргу паўплывала.

— Як гэта паўплывае на вашу далейшую грамадзкую дзейнасьць?

— Гэта ніяк не паўплывае. Наадварот, у мяне стала вельмі многа часу, і я яшчэ больш буду працаваць з моладзьдзю, працягваць грамадзкую дзейнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG