Адлічэньне з другога курсу Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта старшыні моладзевай арганізацыі Партыі БНФ «Моладзь БНФ» Ганны Сьмілевіч зьяўляецца «грубым парушэньнем акадэмічных свабод, сьведчыць пра адсутнасьць аўтаноміі ўнівэрсытэтаў і цалкам пацьвярджае залежнасьць беларускіх дзяржаўных унівэрсытэтаў ад ідэалягічнай вэртыкалі».
Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве рады арганізацыі, піша БелаПАН.
«Моладзь БНФ» выказвае занепакоенасьць станам правоў і свабод студэнтаў і выкладчыкаў беларускіх універсітэтаў. Сёньня ў чарговы раз гэтыя правы былі парушаныя. У Інстытуце журналістыкі БДУ пачаўся працэс адлічэньня старшыні «Моладзі БНФ» Ганны Сьмілевіч. Мы лічым гэта адлічэньне палітычна матываваным, бо напярэдадні супрацоўнікі КДБ паводзілі адпаведную працу з выкладчыкамі, распытвалі пра тое, ці не зьяўляецца Ганна Сьмілевіч кіраўніком нейкай моладзевай арганізацыі, як ставіцца да БНФ, БРСМ і гэтак далей. Таксама адзначаем, што да абраньня кіраўніком «Моладзі БНФ» у Ганны Сьмілевіч не было праблем з вучобай, а адразу пасьля абраньня яны зьявіліся», — гаворыцца ў заяве.
Па сутнасьці, адзначаюць у «Моладзі БНФ», адміністрацыя дзяржаўных унівэрсытэтаў «прымае рашэньні па адлічэньні студэнтаў без узважанай, справядлівай ацэнкі пасьпяховасьці вучобы, а згодна з загадамі ідэолягаў і спэцслужбаў».
У арганізацыі таксама нагадваюць, што ў сакавіку 2017 году зь першага курсу гістарычнага факультэта БДУ «за актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць (а менавіта за ўдзел у мірнай акцыі па абароне мэмарыялу — месцы расстрэлу рэпрэсаваных „Курапаты“) быў адлічаны экс-старшыня „Моладзі БНФ“ Юры Лукашэвіч».
У цэлым за 2016-2018 гады зь беларускіх унівэрсытэтаў, адзначаюць у «Моладзі БНФ», былі адлічаны каля 15 студэнтаў за іх актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць, у тым ліку за ўдзел у мірных сходах.
«Рэпрэсіі ў дачыненьні да актыўных студэнтаў працягваюцца, ва ўнівэрсытэтах адсутнічае рэальнае самакіраваньне, акадэмічная свабода. Унівэрсытэты цалкам падкантрольныя ідэалягічнаму аддзелу і спэцслужбам », — падкрэсьліваюць у арганізацыі.
«Моладзь БНФ» «рашуча асуджае» выключэньне Ганны Сьмілевіч і выпадкі палітычнага ціску на студэнтаў. Арганізацыя патрабуе ад БДУ спыніць яе выключэньне з Інстытута журналістыкі, аднавіць намесьніка старшыні Партыі БНФ Юрыя Лукашэвіча на гістарычным факультэце. Ад усіх беларускіх унівэрсытэтаў «Моладзь БНФ» патрабуе аднавіць на вучобе адлічаных раней за грамадзка-палітычную дзейнасьць студэнтаў і ніколі ў далейшым не ўжываць падобныя рэпрэсіі.
Таксама «Моладзь БНФ» заклікала міжнародных партнэраў беларускіх унівэрсытэтаў зьвярнуць увагу «на выпадкі парушэньня правоў студэнтаў і прыняць адпаведныя крокі, каб не дапускаць такіх адлічэньняў у будучыні».
Прычынай адлічэньня 18-гадовай Ганны Сьмілевіч з БДУ сталі запазычанасьці па здачы экзамэнаў зімовай сэсіі.
Дзяўчына была абраная кіраўніком «Моладзі БНФ» на зьезьдзе арганізацыі 24 сьнежня 2017 году.