Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавусаў: Палітычнай рэформы ня будзе — Лукашэнка вырашыў «не страляць сабе ў нагу»


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Юры Чавусаў. Ён распавядае, чаму «Белая Русь» не пераўтварылася ў палітычную партыю і што азначае абраньне яе кіраўніком Генадзя Давыдзькі, заяўляе, што няма ніякіх падставаў чакаць палітычнай рэформы, і тлумачыць, як нават адзін апазыцыйны сябра камісіі можа сапсаваць усю выбарчую канструкцыю.

Лукашэнка: «Я разумею, навошта гэта вам, намэнклятуры, але не разумею, навошта гэта мне»

— Сёньня, 19 студзеня, адбыўся зьезд грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь». Яшчэ некалькі дзён таму некаторыя чакалі і прагназавалі, што на зьезьдзе адбудуцца радыкальныя перамены, «Белая Русь» пераўтворыцца ў палітычную партыю, і гэта дасьць штуршок больш шырокай палітычнай рэформе ў краіне. Але нічога гэтага не адбылося. Чаму?

— Гісторыя з абмеркаваньнем пэрспэктывы пераўтварэньня «Белай Русі» ў партыю вельмі даўняя. Яшчэ ад парлямэнцкіх выбараў 2008 году існуюць інсінуацыі, што вось-вось будзе прынятае палітычнае рашэньне пра трансфармацыю ў партыю. Але сёлета гэтыя чуткі пашырыліся — былі зьлівы ў прэсу, камэнтары журналістам. Аднак ніякай афіцыйнай інфармацыі пра палітычную санкцыю на гэта з боку кіраўніцтва дзяржавы не было.

І застаецца толькі нагадаць колішнія словы Аляксандра Лукашэнкі наконт гэтага, выказаныя яшчэ ў 2008 годзе — «Я разумею, навошта гэта вам, намэнклятуры, чынавенству, але не разумею, навошта гэта мне, кіраўніку дзяржавы». У Беларусі палітычныя рашэньні прымаюцца рознымі рэгіянальнымі і галіновымі намэнклятурнымі групоўкамі праз кантраляваньне доступу да цэнтру прыняцьця рашэньняў у асобе Лукашэнкі. Ускладняць гэтую сыстэму — рабіць яе больш уразьлівай і менш падкантрольнай.

Таму тыя аргумэнты, якія, напэўна, некаторыя лабісты клалі на стол Лукашэнку, чарговым разам аказаліся непераканаўчымі. Магу меркаваць, што, бачачы дзейнасьць падобных партый у Расеі і Казахстане, Лукашэнка не перакананы, што гэта не пагоршыць ягоны імідж. Аўтарытэт Пуціна і аўтарытэт «партии жуликов и воров» (так расейскія апазыцыянэры называюць праўладную партыю «Единая Россия». — РС) для яго можа быць кепскім прыкладам стварэньня партыі ўлады.

Калі казаць пра тое, што адбылося на зьезьдзе, то абраньне старшынём Генадзя Давыдзькі даволі паказальнае. Давыдзька — гэта частка ідэалягічнай намэнклятуры, інфраструктуры рэжыму. Але ён ні ў якім разе не кіраўнік нейкай вэртыкальнай машыны — той часткі, якая можа быць зацікаўленая ў палітычнай рэформе ўнутры рэжыму.

Так што для «Белай Русі» час пераўтварацца ў палітычную партыю не прыйшоў і наўрад ці прыйдзе ў гэтай палітычнай сыстэме. А рэформа існай палітычнай сыстэмы не стаіць на парадку дня сёньняшняга кіраўніцтва краіны.

— А давайце запытаемся: чаму пэўнай частцы намэнклятуры хацелася б, каб «Белая Русь» пераўтварылася ў партыю? Можа, яны задумваюцца пра палітычнае жыцьцё «пасьля Лукашэнкі», каб мець праўладную партыю, якая будзе ўсё кантраляваць?

— Мне падаецца, такія канструкцыі надта складаныя. Для ніжэйшага беларускага чынавенства наяўнасьць такой партыйнай вэртыкалі давала б дадатковыя шанцы прасунуцца. Ёсьць такія «ліфты» ў іншых галінах — прафсаюзы, БРСМ, дзе, як паказвае досьвед Янчэўскага, можна даволі высока прасунуцца. Таму хтосьці меў такі палітычны праект — стварэньне яшчэ аднаго «ліфта» для падняцьця па кар’ернай лесьвіцы.

Але для асноўнай масы намэнклятуры гэта непатрэбна і абцяжарвае іх стандартны лад жыцьця. «Белая Русь» — гэта грамадзкая нагрузка, яна мае палітычную функцыю, але пераўтварэньне яе ў сапраўдную партыю — для іх надта складаная канструкцыя.

Я схільны лічыць, што будуць чарговыя спробы прасунуць гэты праект. Але ў гэтым годзе гэты праект меў найменшыя шанцы на рэалізацыю. Ня так даўно, у 2016-м, прайшлі парлямэнцкія выбары — і нават тады «Белая Русь» не была трансфармаваная ў палітычную партыю. І зараз, перад зьездам, тэчку з гэтым праектам зноў кінулі ў прэсу без належнага абгрунтаваньня. Ніякіх новых сур’ёзных аргумэнтаў падобнага кшталту праекты ня ўтрымліваюць.

«Я ня ведаю, дзе цяпер можна пабачыць „ціск з боку Захаду“»

— Дарэчы, гэта ўжо ня першы «аблом» у гэтым кірунку. Раней мусіравалася тэма пра нараду аб зьменах у выбарчае заканадаўства (пра гэта казала Ярмошына), на якой будуць прынятыя радыкальныя рашэньні. Але нарада такая дагэтуль не адбылася. Ці можна сказаць, што, нягледзячы на пэўны ціск з боку Захаду, улада ўсё ж вырашыла пакуль ніякай палітычнай рэформы не праводзіць?

— Я ня ведаю, дзе цяпер можна пабачыць «ціск з боку Захаду». Наадварот, ён зьмяншаецца, і яго цяпер практычна няма ў пытаньнях палітычнага кшталту. У пытаньнях палітычнай рэформы я ніякага ціску ня бачу. Хутчэй ёсьць арыентацыя на рэалізацыю пэўных праектаў у галіне судовай рэформы, але ні ў якім разе не на палітычную рэформу.

На мой погляд, і нарада не была праведзена, і «Белая Русь» не пераўтварылася ў палітычную партыю ў прынцыпе паводле адной лёгікі, якой кіруецца Лукашэнка — «Навошта мяняць тое, што працуе?». На нейкія дробныя перамены, удасканальваньне заканадаўства рэжым можа пайсьці. Але ўвядзеньня прапарцыйнай сыстэмы (галасаваньне па партыйных сьпісах) на выбарах, ці правядзеньне рэфэрэндуму, які зьменіць палітычную структуру органаў улады, — гэта для Лукашэнкі быў бы «стрэл у нагу».

Яны ўжо навучыліся кантраляваць выбары, выбары ўжо перасталі быць момантам, калі хістаецца ўлада. Дык давайце створым новую пагрозу ў выглядзе палітычнай рэформы, якая невядома да чаго прывядзе? Навошта? Гэта вельмі слабая аргумэнтацыя, і наўрад ці ў агляднай пэрспэктыве яна можа быць успрынятая кіраўніком краіны.

«Непадкантрольны сябар камісіі — пагроза, што ўся канструкцыя можа быць сапсаваная»

— Падчас цяперашняй выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы ўлада сфармавала выбарчыя камісіі «як заўжды». Чаму? Чаму б не прадэманстраваць Захаду, дый беларускаму грамадзтву, нейкую фармальную «лібэралізацыю» — тым больш што ніякай істотнай пагрозы гэта не нясе? Зь іншага боку, апазыцыя ставіць нэгатыўныя рэкорды ўдзелу ў выбарах — усё менш людзей ад апазыцыйных партый рэгіструецца кандыдатамі ў дэпутаты, каля 400 чалавек па ўсёй краіне. Пра што гэта сьведчыць?

— Участковыя камісіі сфармаваныя, «як заўжды» на мясцовых выбарах. Сама структура мясцовай кампаніі прадугледжвае тое, што нават адзін участак можа мець вялікае значэньне для вынікаў выбараў. І ўключэньне туды непадкантрольнага сябра камісіі — гэта пагроза, што ўся выбарчая канструкцыя можа быць сапсаваная адным чалавекам.

Плюс да ўсяго — вядомая палітычная замова кіраўніцтва краіны. Агучана, што на мясцовыя выбары павінна прыйсьці калі 80 працэнтаў насельніцтва. Той, хто жыве ў Менску, напрыклад, цудоўна ведае, наколькі гэтыя лічбы суадносяцца з рэальнасьцю. Так што задача тут яшчэ больш складаная перад тымі людзьмі, якія забясьпечваюць гэтыя лічбы, чым падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

Наконт апазыцыі — я б не сказаў, што тут нейкія нэгатыўныя рэкорды. Вылучаецца прыкладна тая самая колькасьць, як і на папярэдніх мясцовых выбарах. Зьявілася больш непартыйных структураў (рух «За свабоду», БХД, «Гавары праўду»), якія вылучаюць сваіх прадстаўнікоў шляхам збору подпісаў. Таму мы назіраем пераход кандыдатаў, расьцярушваньне іх па розных палітычных суб’ектах — а агульныя лічбы тыя самыя.

Не адбылося скачка, павелічэньня лічбы вылучэнцаў. Так што не спрацаваў чыньнік уплыву выбараў 2016 году — маўляў, пусьцілі ў парлямэнт Анісім і Канапацкую. Напэўна, палітыкі цьвяроза ацанілі свае шанцы, і фармаваньне камісій паўплывала на тое, што людзі не разьлічваюць на сумленны падлік галасоў. Я ведаю кандыдатаў, якія сабралі подпісы, але не падавалі іх на рэгістрацыю ў якасьці кандыдатаў — з той прычыны, што ў камісію не дапусьцілі прадстаўнікоў апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG