«Насамрэч на пачатку канфлікту Казахстан прапаноўваў пасярэдніцкія функцыі. Але цяпер такія перамовы не вядуцца, хоць час ад часу з Астаны ідуць сыгналы гатоўнасьці да арганізацыі міратворчай пляцоўкі», — паведаміла Свабодзе крыніца, блізкая да ўкраінскай часткі Трохбаковай кантактнай групы.
Паводле крыніцы, перанос пляцоўкі перамоў зь Беларусі ў Казахстан ня мае прынцыповага сэнсу.
«Казахстан, як і Беларусь, уваходзіць да Эўраазіяцкага эканамічнага саюзу. Апроч таго, гэтая краіна гэтак жа нэгатыўна, а не нэўтральна, галасуе ў ААН за рэзалюцыі, якія тычацца, напрыклад, парушэньняў правоў чалавека ў акупаваным Крыме», — дадаў суразмоўнік Свабоды.
Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў на прэс-канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку 18 студзеня па выніках пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН заявіў, што перамовы пра ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны могуць быць перанесеныя зь Менску ў іншае месца. Паводле яго, з падобнай прапановай нібыта выступіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
«Менск-1 застопарыўся, у тупіку», — падкрэсьліў Назарбаеў, дадаўшы, што адчуваецца патрэба ў новым дыялёгу.
«Увогуле, гэта першапачаткова павінна было быць у Казахстане... Дамовіліся, што ў гэтым кірунку будзем працаваць», — дадаў прэзыдэнт Назарбаеў.