Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў у Twitter пераможцаў «прэміі за фальшывыя навіны».
Першае месца ў сьпісе фэйкавых СМІ заняла газэта The New York Times, у якой быў апублікаваны матэрыял з заявай, што эканоміка ЗША ніколі не адновіцца.
Тэлеканал CNN фігуруе ў сьпісе фэйкавых СМІ чатыры разы. У прыватнасьці, за паведамленьне пра тое, што прэзыдэнт ЗША і ягоны сын Дональд Трамп малодшы мелі доступ да хакерскіх дакумэнтаў з WikiLeaks, і матэрыял ад 22 чэрвеня пра сустрэчу фінансіста Энтані Скарамучы з расейскім бізнэсоўцам Кірылам Дзьмітрыевым. На момант публікацыі Скарамучы займаў пасаду дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю Белага дома, але неўзабаве быў звольнены. Публікацыя пра сустрэчу бізнэсоўцаў была выдаленая праз два дні пасьля публікацыі.
З розных прычын Трамп «уганараваў» «прэміяй за фальшывыя навіны» часопісы TIME і Newsweek, тэлеканал ABC і газэту Washington Post.
Сьпіс пераможцаў фэйкавых навін завяршае запіс пра магчымую змову перадвыбарнай каманды Трампа з Расеяй. «Расейская змова — гэта найвялікшая містыфікацыя для амэрыканскага народу. Змовы не існуе!» — напісаў Трамп.
«Прэмію за фальшывыя навіны» Трамп абвясьціў 3 студзеня.
Канфлікт прэзыдэнта ЗША з дэмакратычнымі СМІ працягваецца з пачатку яго прэзыдэнцкай кампаніі ў 2014 годзе. Тады ў публічны доступ трапілі дадзеныя са ўзламаных сэрвэраў кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі. У дакумэнтах гаварылася, што кіраўніцтва партыі нібыта падыгрывала Гілары Клінтан у барацьбе з дэмакратам Бэрні Сандэрсам падчас праймэрыз. Пасьля перамогі Трампа крытыка з боку СМІ разгарэлася з новай сілай. Многія мэдыя засяродзіліся на вэрсіі аб тым, што перамога Трампа стала вынікам магчымага ўмяшаньня Расеі ў перадвыбарчую кампанію ЗША.
Трамп неаднаразова заяўляў, што ён і яго перадвыбарчы штаб не мелі ніякага змовы з Крамлём. У сваю чаргу Масква абвяргае сваё дачыненьне да выбараў у замежных дзяржавах.