Калегія Магілёўскага абласнога суду палічыла абгрунтаваным накладаньне на палітвязьня Міхаіла Жамчужнага спагнаньня за ягоную адмову пераходзіць у атрад, дзе, як сьцьвярджае асуджаны, існуе небясьпека яго жыцьцю і здароўю. За парушэньне рэжыму адміністрацыя Горацкай папраўчай калёніі № 9 пакарала асуджанага 5 суткамі штрафнога ізалятару.
Жамчужны палічыў спагнаньне незаконным і зьвярнуўся ў Горацкі суд, але той не знайшоў падстаў скасаваць рашэньне турэмнай адміністрацыі. Палітвязень напісаў касацыйную скаргу ў абласны суд, які не задаволіў яе.
Абскарджанае Жамчужным спагнаньне было адным зь першым пасьля пераводу яго ў Горацкую калёнію. Пакаралі вязьня штрафным ізалятарам 3 жніўня. У сваёй скарзе Жамчужны абгрунтоўваў сваё нежаданьне пераходзіць у 13-ы атрад калёніі тым, што ён сфармаваны з асуджаных з так званым «нізкім статусам». Палітвязень настойваў: ягонаму жыцьцю і здароўю пагражае небясьпека, бо некаторыя асуджаныя пагражалі яму «фізычнай расправай». У сваёй скарзе Жамчужны згадваў канфлікт з асуджанымі і заключэньне апэратыўнага работніка, які быў сьведкам канфлікту.
На думку Жамчужнага, Горацкі суд не разабраўся ў сытуацыі, а ў яго не было магчымасьці аргумэнтавана давесьці суду сваю пазыцыю, паколькі ён на ім не прысутнічаў. Не было Жамчужнага і на разглядзе касацыйнай скаргі ў абласным судзе. Ягоныя інтарэсы бараніў адвакат Вадзім Мушынскі.
17 студзеня суд абвясьціў, што аб’ектыўных падстаў для адмовы Жамчужнага пераходзіць у атрад не было, а накладзенае на яго спагнаньне было законным, таму рашэньне Горацкага суду застаецца ў сіле, а касацыйная скарга без задавальненьня.
За час утрыманьня ў Горацкай калёніі Міхаіл Жамчужны адбыў 100 сутак у штрафным ізалятары. На яго накладзена блізу 15 спагнаньняў. Ад 6 студзеня на месяц асуджанага памясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу.
Паводле адваката Мушынскага, на здароўе і мэдычнае абслугоўваньне Жамчужны не наракае. Адвакат кажа, што асуджаны выглядае схуднелым, але застаецца ў бадзёрым духу. Сядзець Жамчужнаму засталося тры гады.
Праваабаронца Міхаіл Жамчужны адбывае 6,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў спробе завалодаць сакрэтнымі зьвесткамі пра дзейнасьць міліцыі і спробе даць хабар супрацоўніку міліцыі. Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і дамагаюцца перагляду ягонай справы ў адкрытым судовым паседжаньні.