Дэпутатка Ганна Канапацкая 16 студзеня сказала Свабодзе, што яна нарэшце атрымала заключэньні «ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў» на свой законапраект, які прадугледжвае істотныя зьмены ў выбарчае заканадаўства Беларусі.
Гэта дало ёй магчымасьць накіраваць законапраект на экспэртызу ў Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў.
«Цяпер я чакаю адказу з гэтага цэнтру», — кажа спадарыня Канапацкая.
Яна тлумачыць, што кожны дэпутат мае права выносіць свой законапраект на разгляд калегаў па Палаце прадстаўнікоў. Аднак абавязковая ўмова такой ініцыятывы — прыкласьці да дакумэнту афіцыйныя заключэньні так званых усіх зацікаўленых. Канапацкая кажа, што спачатку ёй адказалі аблвыканкамы і менскі гарвыканкам, Цэнтральная выбарчая камісія. Апошнімі адгукнуліся Вярхоўны суд і Генэральная пракуратура.
Паводле дэпутаткі, Вярхоўны суд адзначыў, што паколькі яе праект не прадугледжвае абскарджваньня выбарчых рашэньняў, то Вярхоўны суд ня мае нейкіх прапановаў.
«Яшчэ ў адказе напісана, што Вярхоўны суд станоўча ацэньвае саму ідэю ўдасканаленьня выбарчага заканадаўства. А вось Генпракуратура піша, што аб’ектыўных перадумоваў для карэктаваньня Выбарчага кодэксу ў дадзены час няма», — удакладняе Канапацкая.
Яна называе намаганьні, якія патраціла на збор заключэньняў, «хаджэньнем па ўсіх кругах пекла».
Дэпутатка кажа, што яе прапановы ўжо ў любым выпадку не закрануць цяперашнюю кампанію мясцовых выбараў. Таму яна мяркуе прайсьці са сваімі ініцыятывамі ўвесь шлях «ад А да Я».
«Я хачу выканаць абсалютна ўсе фармальныя працэдуры, каб у Палаты прадстаўнікоў не было працэсуальных падстаў мне адмовіць у разглядзе майго законапраекту», — рэзюмуе суразмоўніца.
У прапановах Канапацкай тры галоўныя пункты: фармаваньне выбарчых камісій, рэглямэнтацыя датэрміновага галасаваньня і падлік галасоў.
У прыватнасьці, прапануецца, каб патэнцыйны кандыдат ад палітычнай партыі атрымаў права абавязковага ўключэньня сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій. Датэрміновае галасаваньне скарачаецца зь цяперашніх пяці да двух дзён. Падлік бюлетэняў праводзіцца з абавязковым паказваньнем кожнага ўсім сябрам камісіі і абвяшчэньнем выніку ўголас.