Як адзначаецца на сайце ведамства, апошнім часам у Нацбанк паступае вялікая колькасьць зваротаў ад юрыдычных і фізычных асобаў з просьбай пракамэнтаваць нормы дакумэнту.
Асноўныя палажэньні дэкрэту № 8 уступаюць у сілу праз тры месяцы пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня, адпаведна, за гэты час ураду неабходна забясьпечыць прывядзеньне актаў заканадаўства ў адпаведнасьць зь ім.
«Кампэтэнцыя Нацыянальнага банку ў частцы рэалізацыі нормаў дэкрэту № 8 распаўсюджваецца на пытаньні, зьвязаныя з вызначэньнем патрабаваньняў да правілаў унутранага кантролю банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у сфэры прадухіленьня легалізацыі прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці», — гаворыцца ў тлумачэньні.
Нацбанкам унясе «неабходныя дапаўненьні ў нарматыўныя прававыя акты, якія ўлічваюць асаблівасьці правядзеньня банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі разьлікаў грашовымі сродкамі па апэрацыях кліентаў, зьвязаных з набыцьцём або адчужэньнем лічбавых знакаў (токенаў)».
Акрамя таго, Савету міністраў сумесна з адміністрацыяй Парку высокіх тэхналёгій дэлегавана права тлумачыць нюансы прымяненьня дэкрэту ў частцы выкарыстаньня крыптавалютаў і дзейнасьці з выкарыстаньнем тэхналёгіі блокчэйн.
Дэкрэт «Аб разьвіцці лічбавай эканомікі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў 22 сьнежня 2017 году. Дакумэнт сярод іншага легалізуе выкарыстаньне крыптавалютаў.