Бяляўскі: пракуратура хоча патрымаць мяне год на «кручку»
Падсудны Андрэй Бяляўскі пракамэнтаваў Свабодзе пакараньне, якое патрабуе для яго пракурор на працэсе:
«Канешне, гэта не зьняволеньне, але трэба ўлічваць беларускі досьвед, калі такія прысуды потым заканчваліся рэальным тэрмінам, як у той жа справе Паліенкі. То бок бачна, што пракуратура хоча патрымаць мяне год на „кручку“. Яшчэ трэба параўнаць маю справу са справай француза, якога за той жа патрон увогуле апраўдалі. Чаму тады мяне хочуць за яго ўсё ж пакараць? Але паглядзім яшчэ, што скажа суд. Спадзяюся, прысуд будзе іншым».
Адвакат Мушынскі мяркуе, што прысуд будзе такім, як прасіў пракурор — 1 год без накіраваньня ў месца зьняволеньня. «Улічваючы асобу судзьдзі, я ня думаю, што яна абмяжуецца штрафам».
Прысуд будзе 12 студзеня
Судзьдзя абвясьціла, што прысуд будзе агучаны заўтра ў 9.30.
Кароткае апошняе слова
Апошняе слова Бяляўскага вельмі кароткае: «Я ўсьвядоміў свае дзеяньні і раскайваюся».
Адвакат просіць мінімальны штраф
«Суд можа ўжыць 70 артыкул Крымінальнага кодэксу і абраць самае мяккае пакараньне», — мяркуе адвакат Мушынскі. Ён дадае, што і матыву на злачынства ў Бяляўскага не было, просіць улічыць ягоную добрую характарыстыку і тое, што ён не зьдзяйсьняў раней злачынстваў. Просіць прызначыць мінімальны штраф.
Адвакат: дзеяньні падабароннага нязначныя
Адвакат Вадзім Мушынскі адзначае, што справа нібыта простая, але яна ўсё ж паказальная, бо судзяць маладога чалавека, які не зрабіў ніякага злачынства, а патрон захоўваў як сувэнір. Адвакат сумняецца, што будзе справядлівым нават тое пакараньне, якое просіць для Бяляўскага пракурор.
«На жаль, заканадаўца ня вызначыў для гэтага артыкулу дакладную колькасьць боепрыпасаў, а ад гэтага шмат што залежыць. Адзін патрон бяз зброі ня носіць ніякай пагрозы, — мяркуе Мушынскі.— Нават кухонныя нажы больш небясьпечныя, але за іх ніякай адказнасьці не прадугледжана».
Мушынскі заклікае суд прызнаць дзеяньні падабароннага нязначнымі.
Пракурор просіць 1 год абмежаваньня волі
Пракурор Аляксей Кісьляк кажа, што Бяляўскі прызнаў сваю віну і пераказвае абставіны справы. Мяркуе, што віна была даказаная цалкам у судзе і на сьледзтве.
Пракурор распавядае, што Бяляўскаму паставілі ў віну такую кваліфікацыйную рысу злачынства як перавозка патрона, але Бяляўскі на судзе гэта не пацьвердзіў і гэта не было даказана. Таму пракурор просіць выключыць гэтую прыкмету з абвінавачаньня.
Пракурор характарызуе Бяляўскага станоўча. Просіць пакараць яго паводле часткі 2 артыкулу 295 — гэта цяжкае злачынства, але пракурор адзначае змягчальныя абставіны. Таму лічыць, што можна абраць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, — просіць для Бяляўскага 1 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы пазбаўленьня волі і без канфіскацыі маёмасьці.
Працэс затрымліваецца
На працэс прыйшоў праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч. Паводле яго, калі прысуд будзе відавочна непрапарцыйным, Андрэя Бяляўскага праваабаронцы прызнаюць палітвязьнем.
Сакратарка паведаміла, што «па тэхнічных прычынах» паседжаньне затрымліваецца, пачнецца недзе а 14.30.
Сябры Бяляўскага спадзяюцца на мяккі прысуд
Андрэй Бяляўскі перад судом казаў карэспандэнту Свабоды, што прыкладна гэтак і будзе, бо ня мае намеру зацягваць працэс і прызнае віну цалкам.
«Згодны на што заўгодна, але спадзяюся, што пакараньне ня будзе зьвязана з абмежаваньнем волі. Было б ідэальна, каб суд абмежаваўся ў прысудзе тым тэрмінам, які я ўжо адседзеў падчас сьледзтва па справе „Белага легіёну“ — гэта 2,5 месяцы», — сказаў Бяляўскі.
Яшчэ дадаў, што ўсё адбываецца досыць фармальна, і ён нават не ўяўляе, хто з кім будзе спрачацца на судовых спрэчках. «Відаць, проста гэтак трэба паводле працэсуальнага закону, ня больш».
Сябра падсуднага Міраслаў Лазоўскі мяркуе, што будзе «лёгкі» варыянт прысуду. «Могуць даць умоўнае пакараньне ці такое, каб пакрыла той тэрмін, які Андрэй ужо адбыў».
У суд прыйшлі іншыя фігуранты «Справы патрыётаў» — Міраслаў Лазоўскі і Віктар Данілаў, каб падтрымаць сябра.
Суд доўжыўся 25 хвілін. Перапынак да 14.00
Судзьдзя скончыла зачытваньне дакумэнтаў справы, удакладніла ў Бяляўскага, дзе ён знаходзіўся на момант ператрусу. Той адказаў, што пад вартай.
Судзьдзя абвясьціла, што судовае сьледзтва скончанае і абвясьціла перапынак да 14 гадзін, тады пачнуцца судовыя спрэчкі.
«Удзелу ў грамадзкім жыцьці раёну не прымаў», — даведка зь міліцыі
Зачытваецца характарыстка на Бяляўскага ад участковага міліцыянта, што той «здавальняюча» сябе паводзіў, скаргаў на яго не было, на ўліку не стаіць.
Паводле банку дадзеных МУС з 2011 па 2014 гады прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне правілаў дарожнага руху.
Маці падсуднага адмовілася сьведчыць на працэсе
Сьведка Тацяна Філімонава, маці Андрэя Бяляўскага, адмовілася даваць паказаньні супраць сына, яна пагадзілася казаць тое, што «будзе яму на карысьць», але судзьдзя адказала на гэта, што невядома, як там будзе.
Судзьдзя магла прапанаваць маці як сьведцы даваць паказаньні толькі ў частцы «характарыстыкі сына як чалавека» — гэтак было на працэсе «Рэгнума», але не зрабіла так. У выніку маці Бяляўскага зусім адмовілася ад паказаньняў.
Пытаньні да падсуднага скончыліся
Судзьдзя спытала: «Вы кажаце сёньня, што ня ведалі, ці патрон прыдатны да стральбы, але на сьледзтве вы казалі, што аглядалі патрон і меркавалі, што ён прыдатны. Давалі такія паказаньні?»
Бяляўскі пагадзіўся, што казаў гэтак, але сказаў, што меркаваў, але дакладна ня ведаў. У войску ён не служыў і вонкава ня мог ацаніць, ці прыдатны патрон да стральбы. Яшчэ раз паўтарыў, што раскайваецца. Пытаньні скончыліся. Запрасілі на допыт сьведак.
Пракурор скончыў допыт
Пракурор скончыў задаваць пытаньні. Цяпер пытаньні задае адвакат, удакладняе, ці памятаў падсудны пра патрон? Бяляўскі адказвае, што зусім пра яго забыў і хутчэй за ўсё выкінуў бы, калі б пра яго згадаў.
Гэта сувэнір
Падсудны сказаў, што вырашыў захаваць патрон як сувэнір і паклаў у шуфляду стала.
«Адтуль не даставаў, ён увесь час там валяўся». Гэта было ў 2013 годзе і з таго часу, да ператрусу ў 2017-м, ён патрон з шуфляды не забіраў.
Пачаўся допыт Бяляўскага
Падсудны пагадзіўся даваць паказаньні. Паведаміў, што набыў у Рэчыцы аўтамабіль «Гранд-чэрокі» і ў ім знайшоў гэты патрон. Распавядае дэталі.
Бяляўскі прызнаў сябе вінаватым
Паводле сьледзтва, Бяляўскі спачатку захоўваў патрон у аўтамабілі, потым адвёз яго дамоў, дзе захоўваў, што было злачынствам. Бяляўскі заявіў, што цалкам прызнае сябе вінаватым.
Зачытваюць абвінавачваньне
Пракурор пачаў зачытваць абвінавачваньне: «Сьледзтвам высьветлена, што Бяляўскі ў нявызначаны час ў нявызначаным месцы ....» знайшоў патрон да аўтамата Калашнікава.
Cудзьдзя — Марына Запасьнік. Абараняе Бяляўскага адвакат Вадзім Мушынскі.