Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Аксак прэзэнтавала сваю сёмую кнігу «Завінены рай»


«Пасьцель, залітая віном». Хвіліна з паэткай Валянцінай Аксак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:05 0:00

Хвіліна з паэткай Валянцінай Аксак

У менскай кнігарні «логвінаЎ» адбылася прэзэнтацыя новай кнігі Валянціны Аксак «Завінены рай».

«У гэтай кнізе мала словаў і шмат знакаў, строгі стыль і разьняволеныя вобразы, бяздонны вір пачуцьцяў і бяскрайні краявід мараў, старасьвецкія нетры мовы і немінучая вусціш бязмоўя», — гаворыцца ў анатацыі.

«Пра што кніга — я нават не магу сфармуляваць ні для сябе, ні для каго. Гэтыя радкі нараджаюцца зь нейкіх унутраных рэчаў. Увогуле заўважаю, што вонкавыя, так бы мовіць, фактары ўсё менш і менш бываюць натхняльнікамі. Толькі тое, чым жыву ўнутры, нейкія пачуцьці, думкі, развагі — але гэта ўсё ўнутраны сьвет. Часам ён настолькі далёкі ад рэчаіснасьці, што ажно самой страшна», — прызнаецца аўтарка.

Рэдактарка кнігі Аляксандра Макавік​ кажа, што калі працавала над кнігай, узгадвала фразу рымскага філёзафа Цыцэрона: «Калі маеш бібліятэку і сад, больш нічога ў жыцьці ня трэба».

«Валянціна мае і рэальны сад на радзіме, і бібліятэчны сад. У яе шмат вельмі прыгожых, незвычайных назваў для кветак. Прататып — райскі сад.

У кніжцы дзьве часткі — паэзія і кароткая проза. Але і проза гучыць як паэзія».

Аўтарка кнігі Валянціна Аксак распавяла, што неяк перачытвала раман Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» і зьвярнула ўвагу на назвы кветак, якія буялі ў дварах беларускай шляхты.

«Мне было вельмі цікава знайсьці сучасныя адпаведнікі гэтых назваў. Я ўвесь час баюся забыцца тыя словы, якія мне гаварылі мая мама і бабуля, асабліва назвы расьлінаў, кветак. І я спрабую, так бы мовіць, вольна гуляцца з гэтымі назвамі, якія ўжо далёкія, былі папулярныя нават не ў мінулым, а ў пазамінулым стагодзьдзі: шпажнікі, гашта, мушкаты, божае дрэўца...»

Мастак Генадзь Мацур кажа, што заўсёды шукае лёгкія шляхі, і ўсе нармальныя людзі так робяць.

«І я зьвярнуўся да аўтаркі: якой яна бачыць сваю кніжку: вэртыкальнай, гарызантальнай, маленькай, вялікай? Але Валянціна сказала, што мне цалкам давярае. Тады я зьвярнуўся да рэдактаркі Аляксандры Макавік. Але да гэтага сам прачытаў вершы, і пэўны вобраз склаўся. А Аляксандра кажа, што адна з ідэяў — быў такі мастак першай паловы 16 стагодзьдзя Аньнёла Брандзіна, які напісаў партрэт Джавані Мэдычы. Той трымае ў руцэ чарнагаловага шчыгла, сымбаль Хрыстовых пакутаў, што пяе ў цернях. І гэты фрагмэнт карціны зьявіўся ў афармленьні вокладкі.

Чалавек сапраўдны толькі ў творчасьці, таму чытайце гэтую кнігу», — параіў мастак Генадзь Мацур.

«Ёсьць месцы, якія чалавека не адпускаюць. Значную частку радкоў, тэкстаў складаюць уражаньні, якія ўсё яшчэ навейваюцца наведваньнем у 2013 годзе Сьвятой Зямлі. Яна мяне не адпускае, і палестынскія, ерузалімскія вобразы таксама прысутнічаюць у некаторых радках кнігі», — кажа Валянціна.

Зьміцер Вішнёў
Зьміцер Вішнёў

На прэзэнтацыі «Завіненага раю» выступіла музыка Тацяна Грыневіч, выдавец Зьміцер Вішнёў, крытык Ціхан Чарнякевіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай, настаўніца з радзімы паэткі Натальля Плакса. Зямлячка прывезла ў падарунак пучок пахучага сена.

«Калі хочаш быць шчасьлівы навек, гадуй кветкі ў бацькоўскім садзе», — кажа Натальля Плакса.

«Завінены рай» — сёмая кніга Валянціны Аксак. Першая кніга — «Цьвінтар» — выйшла ў 1992 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» накладам у 1 тысячу асобнікаў. Потым былі «Капліца» (1994), «Антычны дождж» (1999), «Віно з Каліфорніі» (2003), «Ружоўніца» (2008), «Дзікая сьліва» (2015).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG