Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрыксан: Парадавала большая прысутнасьць беларускай мовы ў Менску


Стэфан Эрыксан
Стэфан Эрыксан

Былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан наведаў Менск з прыватным візытам. Дыплямат, які цяпер кіруе офісам Рады міністраў паўночных краін, прыехаў упершыню пасьля скандалу з «плюшавым дэсантам» 2012 году.

Эрыксан не дае інтэрвію, але падзяліўся ўражаньнямі на сваёй старонцы ў Facebook па выніках першых дзён вяртаньня ў Беларусь, дзе агулам адпрацаваў 7 гадоў. Нататка напісана па-беларуску.

«Пачынаецца апошнi дзень кароткага прыватнага вiзыту ў Беларусь, дзе я ня быў ад чэрвеня 2012 году. Вельмi шмат станоўчых эмоцый і ўражаньняў ад сустрэч зь блiзкiмi людзьмi і месцамi, зь якiмi зьвязаныя 7 гадоў жыцьця.

Відаць, што фармуецца нармальнае гарадзкое асяродзьдзе, адчуваецца гiстарычнае сэрца, якое напаўняецца жыцьцём. Мабыць, ня ўсё iдэальна, але ў цэлым спадабалася.

Пасьпеў пашпацыраваць па родных кварталах у цэнтры Менску. Відаць, што фармуецца нармальнае гарадзкое асяродзьдзе, адчуваецца гiстарычнае сэрца, якое напаўняецца жыцьцём. Мабыць, ня ўсё iдэальна, але ў цэлым спадабалася. Парадавала, як мне падалося, яўна большая прысутнасьць беларускай мовы ў горадзе.

Зiмы я так i ня ўбачыў, але затое праехаўся трохi па прыгожых мясьцiнах, пабываў на Нёмане і на Браслаўшчыне. Часу было няшмат, так што даруйце, усе дарагiя людзi, зь якiмi я гэтым разам не пасьпеў сустрэцца. Я вас усiх люблю. Як можна не любiць Беларусь?...»

Музыка і сябар швэдзкага дыплямата Зьміцер Вайцюшкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што Стэфан Эрыксан, які мог скарыстацца 5-дзённым бязьвізавым рэжымам, усё ж атрымаў візу на пяць дзён у беларускай амбасадзе ў Латвіі.

Ад верасьня 2005 году Эрыксан кіраваў менскім аддзяленьнем амбасады Швэцыі ў Расеі, цягам 2008-2012 гадоў быў амбасадарам Швэцыі ў Беларусі.

1 жніўня 2012-га беларускія ўлады не працягнула яму акрэдытацыю, абвінаваціўшы ў дэструктыўнай дзейнасьці.

За месяц да таго аднаматорны самалёт, якім кіравалі супрацоўнікі швэдзкай PR-кампаніі Studio Total, несанкцыянавана перасек паветраную мяжу Беларусі, над Івянцом і ўскраінай Менску было скінута больш за 800 плюшавых медзьведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Стэфан Эрыксан вывучыў беларускую мову, за сваю дыпляматычную працу ў Менску ўганараваны міжнароднай прэміяй імя Марка Палмэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG