У ёй узялі ўдзел намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка і дзяржаўны сакратар МЗС Швэцыі ў пытаньнях Эўразьвязу і гандлю Оскар Стэнстрам.
Пасьля гэтага адбыліся двухбаковыя кансультацыі, швэдзкую дэлегацыю ўзначальвала дзяржаўны сакратар МЗС Аніка Сёдэр. Як удакладняе МЗС Беларусі, абмяркоўваліся пэрспэктывы супрацоўніцтва ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сфэрах, актывізацыя дыялёгу па лініі Беларусь — Эўразьвяз, падрыхтоўка да саміту ў рамках ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства» 24 лістапада ў Брусэлі.
Дыпляматычныя дачыненьні Менску і Стакгольму пагоршыліся больш за пяць гадоў таму.
4 ліпеня 2012-га, на наступны дзень пасьля адзначэньня Дня Незалежнасьці Беларусі, аднаматорны самалёт з супрацоўнікамі швэдзкай кампаніі Studio Total перасёк мяжу Беларусі. Экіпаж правёў у паветранай прасторы краіны паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і на ўскраіне Менску дзясяткі плюшавых мядзьведзікаў з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. У беларускіх СМІ акцыя атрымала назву «плюшавы дэсант».
Праз тыдзень у рамках расьсьледаваньня быў затрыманы фатограф Антон Сурапін, які выклаў у сеціве здымкі цацачных мядзьведзяў. Пазьней стала вядома пра затрыманьне рыэлтара Сяргея Башарымава, у якога швэды плянавалі здымаць жыльлё.
31 ліпеня за «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў у гарантаваньні нацыянальнай бясьпекі» Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасадаў кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандзіра Войскаў супрацьпаветранай абароны Дзьмітрыя Пахмелкіна.
1 жніўня беларускія ўлады адмовілі ў працягу акрэдытацыі амбасадару Швэцыі Стэфану Эрыксану, абвінаваціўшы яго ў «дэструктыўнай дзейнасьці».
У адказ швэдзкія ўлады заявілі, што ня прымуць новага амбасадара Беларусі, рэкамэндаваўшы двум супрацоўнікам беларускага дыппрадстаўніцтва пакінуць Стакгольм. 30 жніўня 2012-га абедзьве амбасады спынілі сваю працу.
Вясной 2013 году беларускі бок задаволіў просьбу швэдзкага боку і акрэдытаваў у Менску часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі. Ад ліпеня Марцін Оберг працаваў у рангу часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі, а ў красавіку 2015-га быў прызначаны амбасадарам.
У чэрвені таго ж году Аляксандар Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы швэдзкага дыплямата, заявіў, што наступіла пара аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва са Швэцыяй.
У канцы 2016-га пра магчымасьць аднаўленьня працы беларускай амбасады ў Швэцыі паведаміла тагачасная намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.
15 лістапада 2017-га беларуская місія ў Стакгольме запрацавала ў ранейшым фармаце. Інцыдэнт з «плюшавым дэсантам» празь пяць гадоў нарэшце вычарпаны.