Былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан наведвае Менск з прыватным візытам.
Стэфан Эрыксан, які цяпер кіруе офісам Рады міністраў паўночных краін у Рызе, прыехаў у Беларусь упершыню пасьля скандалу з «плюшавым дэсантам».
Музыка і сябар швэдзкага дыплямата Зьміцер Вайцюшкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што Стэфан Эрыксан, які мог скарыстацца 5-дзённым бязьвізавым рэжымам, усё ж атрымаў візу на пяць дзён у беларускай амбасадзе ў Латвіі. Цяперашні візыт Эрыксана прыватны.
«Гэта быў прыватны прыезд да нас у госьці, ён хросны нашых дзетак і даўно хацеў прыехаць, але толькі цяпер атрымалася. Учора ён быў на маім калядным канцэрце, а сёньня вяртаецца ў Латвію праз хутар Вайцюшкі, які знаходзіцца на Нёмне. Але абяцаў неўзабаве вярнуцца, — сказаў Свабодзе Зьміцер Вайцюшкевіч. — Ён задаволены і ўзрушаны пасьля такога доўга перапынку, і яму тут вельмі падабаецца. Менск яго ўразіў. І праз Браслаўшчыну ехаў, таксама яму спадабаліся нашы пэйзажы і дарогі».
Стэфан Эрыксан быў амбасадарам Швэцыі ў Беларусі ад чэрвеня 2008 да жніўня 2012 году. Ад верасьня 2005 году ён кіраваў менскім аддзяленьнем амбасады Швэцыі ў Расеі.
1 жніўня 2012 году ўлады Беларусі не працягнулі яму акрэдытацыю, абвінаваціўшы ў дэструктыўнай дзейнасьці.
4 ліпеня 2012 году аднаматорны самалёт, якім кіравалі супрацоўнікі швэдзкай PR-кампаніі Studio Total, несанкцыянавана перасёк паветраную мяжу Беларусі. Ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 плюшавых медзьведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
За сваю дыпляматычную працу ў Менску Стэфан Эрыксан уганараваны міжнароднай прэміяй імя Марка Палмэра. Швэд добра ведае беларускую мову.