Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадавая інфляцыя ў Вэнэсуэле па выніках 2017 году перавысіла 2600 адсоткаў


Ілюстрацыйнае фота. Людзі купляюць прадукты харчаваньня і іншыя тавары першай неабходнасьці ў супэрмаркеце ў Каракасе, Вэнэсуэла, 25 ліпеня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Людзі купляюць прадукты харчаваньня і іншыя тавары першай неабходнасьці ў супэрмаркеце ў Каракасе, Вэнэсуэла, 25 ліпеня 2017 году

Цэны ў Вэнэсуэле, якая, як мяркуюць, мае самую высокую інфляцыю ў сьвеце, падскочылі на 2616 % у мінулым годзе.

Апазыцыя пад кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу краіны заявіла, што мільёны чалавек пакутуюць ад недахопу харчаваньня і лекаў у пэрыяд цяжкага эканамічнага крызісу, паведамляе Reuters.

Апазіцыйныя палітыкі заяўляюць пра вялікі рост інфляцыі ў сьнежні 2017 году.

«Інфляцыя толькі ў сьнежні большая, чым назапашаная інфляцыя (за ўвесь год) для ўсіх краінаў Лацінскай Амэрыкі», — сказаў дэпутат Хасэ Гера.

«У сьнежні рост коштаў склаў 85%, а назапашаная інфляцыя — 2616%», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы кіраўнік камісіі па фінансах і эканамічнаму разьвіцьці Рафаэль Гусман. Прадстаўнік апазыцыйнай прэзыдэнту Нікаласу Мадуры кааліцыі Mesa de la Unidad Democrática адзначыў, што Вэнэсуэла апынулася «адзінай краінай у сьвеце», дзе назіраецца гіпэрінфляцыя.

Улады Вэнэсуэлы не адказалі на просьбу пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі.

Цэнтральны банк не публікаваў дадзеныя пра інфляцыю або валавы ўнутраны прадукт на працягу двух гадоў. Аднак, грашовая маса павялічылася на больш чым 1000 адсоткаў у мінулым годзе.

У 2017 годзе вэнэсуэльскі ўрад некалькі разоў падвышаў мінімальны заробак у краіне. У студзені ён чарговы раз вырас на 40 адсоткаў, але да гэтага часу складае крыху больш за 2 даляры ў месяц на чорным рынку абмену валюты, дзе мясцовая валюта (балівар) была аслабленая на 35 адсоткаў у адносінах да даляра ў мінулым месяцы.

На працягу апошніх гадоў Вэнэсуэла перажывае востры сацыяльна-эканамічны крызіс, які суправаджаецца імклівай інфляцыяй і абясцэньваньнем нацыянальнай валюты. У Міжнародным валютным фондзе мяркуюць, што ў 2018 годзе рост спажывецкіх коштаў у краіне складзе 2 349,3%.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура кажа, што праблемы ўзьнікаюць з-за «эканамічнай вайны», разьвязанай Вашынгтонам, і апазыцыі, якая выступае супраць ураду. Крытыкі абвінавачваюць урад у строгім кантролі над валютай і коштамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG