Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрацы зьбіраецца ўзаконіць «дэкрэтны» водпуск для мужчын


Беларусь працягне падвышаць пэнсійны ўзрост і разглядае пытаньне аб увядзеньні абавязковага неаплачванага дэкрэтнага водпуску для мужчын. Пра гэта 4 студзеня паведаміла на прэсавай канферэнцыі міністарка працы і сацыяльнай абароны краіны Ірына Касьцевіч.

Беларусь — краіна са старым насельніцтвам

Яна сказала, што, згодна з мэтодыкай ААН, да краінаў са старым насельніцтвам адносяцца тыя дзяржавы, у якіх больш за 7% жыхароў маюць узрост звыш 65 гадоў. У Беларусі такая норма перавышаная ўдвая, паколькі 15% насельніцтва нашай краіны — людзі, старэйшыя за 65 гадоў.

Яна таксама адзначыла, што павялічваецца і сярэдні ўзрост людзей, якія бяруць шлюб. Прынамсі ў 2017 годзе сярэдні ўзрост мужчын быў 28 гадоў, а жанчын — 25 гадоў. Першае дзіця ў сям’і цяпер зьяўляецца тады, калі жанчыне 26 і болей гадоў.

Да 2022 году пэнсійны рубеж узрасьце да 58 і 63 гадоў

​У 2018 годзе ў Беларусі павялічыцца пэнсійны ўзрост, нагадала міністарка. Яна сказала, што сёлета для жанчын гэты ўзрост вырасьце з 55 да 56 гадоў, а для мужчын — з 60 да 61. Да 2022 году гэтыя лічбы адпаведна павялічацца да 58 і 63 гадоў. Такія захады, на думку спадарыні Касьцевіч, дапамогуць у пэўнай ступені зьнізіць нагрузку на Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Цяпер у краіне больш за два мільёны пэнсіянэраў па ўзросьце. Сёлета для іх прадугледжаны як мінімум адзін пералік памераў пэнсіяў. Але калі гэта адбудзецца і ў якім памеры, казаць яшчэ заўчасна, заявіла Ірына Касьцевіч. Паколькі невядома, як сёлета спрацуе эканоміка краіны.

Дарэчы, у 2017 годзе пералік працоўных пэнсіяў рабіўся толькі адзін раз, у лістападзе, і ўсяго на 5%.

Водпуск па доглядзе дзяцей для мужчын узаконяць

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пакуль не разглядае пытаньне аб абавязковым водпуску для бацькі, які хоча даглядаць сваё дзіця. Але ўлічвае, што з нараджэньнем дзіцяці сям’я як бы перафарматоўваецца, і было б добра, калі б у гэты момант бацька дапамагаў маці. Таму міністэрства разглядае пытаньне аб увядзеньні абавязковага неаплачванага водпуску на некалькі дзён для бацькі.

Сёньня такая заканадаўчая норма існуе, але працадаўца можа яго і ня даць, калі палічыць, што такі водпуск немагчымы па ўмовах працы. Цяпер міністэрства выступае зь ініцыятывай, каб кіраўнік арганізацыі ня мог накласьці сваё вета.

На пытаньне журналістаў, ці не адстане жанчына-маці ў сваім прафэсійным росьце за тры гады дэкрэтнага водпуску, Касьцевіч адказала, што, па-першае, цяпер можна ўвесь час праз інтэрнэт павышаць свае веды і быць у курсе ўсіх спраў, а па-другое, жанчына можа выйсьці з трохгадовага адпачынку датэрмінова; яна можа таксама і працаваць на паўстаўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG