«З кожным днём арыштаваных чакаюць больш суровыя пакараньні, іх разглядаюць не як пратэстоўцаў, а як бунтаўнікоў, якія спрабуюць нанесьці шкоду сыстэме органаў дзяржаўнай улады», — піша іранскае агенцтва Tasnim са спасылкай на Казанфарабадзі.
У міністэрстве бясьпекі Ірану заявілі, што «пратэстоўцы і падбухторшчыкі» выяўленыя.
Паводле інфармацыі іранскай службы нашага радыё, усяго па краіне за 6 дзён пратэстаў арыштавалі каля 700 чалавек. У прыватнасьці, 450 чалавек былі арыштаваныя ў Тэгеране, 100 — у Эраку, яшчэ 100 — у Хамадане.
Намесьнік міністра ўнутраных справаў Ірану заявіў, што 90% арыштаваных не старэйшыя за 25 гадоў.
Дзяржаўнае тэлебачаньне Ірану паведаміла пра дзевяць загіблых падчас пратэстаў у ноч на 2 студзеня. Такім чынам, паводле афіцыйных дадзеных, за некалькі дзён загінулі прынамсі 20 людзей, сярод іх ёсьць і супрацоўнікі паліцыі.
Духоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі ўпершыню пракамэнтаваў сытуацыю з пачатку пратэстаў 28 сьнежня, абвінаваціўшы «ворагаў Ісламскай рэспублікі» у арганізацыі беспарадкаў у краіне.
Сакратар Найвышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану абвінаваціў Савудаўскую Арабію ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Ірану праз інтэрнэт: паводле чыноўніка, 27% усіх хэштэгаў, зьвязаных з іранскімі пратэстамі, зыходзяць з тэрыторыі Савудаўскай Арабіі.
Урады ЗША, Нямеччыны, Швэцыі, Турэччыны, Ізраілю, Францыі і Вялікабрытаніі асудзілі гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў з боку іранскіх уладаў.
Разам з тым расейскі МЗС заявіў, што спробы паўплываць на сытуацыю ў краіне звонку непрымальная. Салідарнасьць з уладамі Ірану выказаў урад Сырыі.