Нафта і нафтапрадукты незаконна перагружаліся з расейскіх судоў на паўночнакарэйскія ў адкрытым моры. Пра гэта інфармацыйнаму агенцтву Reuters паведамілі два высокапастаўленыя прадстаўнікі спэцслужбаў заходнеэўрапейскіх краін.
Паводле іх словаў, у кастрычніку і лістападзе сёлета былі выяўленыя прынамсі тры падобныя выпадкі. 15 кастрычніка танкер «Віцязь» выйшаў з прыморскага порту Славянка з 1600 тонамі нафтапрадуктаў на борце. Паводле афіцыйных папераў, яны прызначаліся для рыбалоўных сэйнэраў, якія працуюць у Японскім моры. Празь некаторы час пасьля выхаду ў адкрытае мора танкер адключыў транспондэр, які перадае яго месцазнаходжаньне. Паводле дадзеных заходняй выведкі, атрымальнікам грузу стаў паўночнакарэйскі танкер San Ma 2.
Уладальнік расейскага судна сьцьвярджае, што яму нічога не вядома аб гэтай апэрацыі, але ён таксама нічога ня ведаў пра тое, што яго судна дастаўляе гаручае рыбалоўным сэйнэрам. З дапамогай спадарожнікавага назіраньня і іншых крыніц была атрымана інфармацыя яшчэ аб двух расійскіх танкерах, якія выканалі падобную апэрацыю ў кастрычніку-лістападзе.
Продаж нафты і нафтапрадуктаў Паўночнай Карэі азначае парушэньне санкцый Рады Бясьпекі ААН. Як адзначаюць суразмоўцы Reuters, гэтыя пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў робяцца, хутчэй за ўсё, бязь ведама расейскіх уладаў.
У верасьні зьявіліся паведамленьні аб тым, што паміж расейскімі партамі ў Прымор’і і партамі ў Паўночнай Карэі курсуюць паўночнакарэйскія танкеры
У верасьні зьявіліся паведамленьні аб тым, што паміж расейскімі партамі ў Прымор’і і партамі ў Паўночнай Карэі курсуюць паўночнакарэйскія танкеры. Гэтая практыка была спыненая. У апошнія месяцы паўночнакарэйскія караблі атрымліваюць кантрабандны груз у адкрытым моры. Прадстаўнікі расейскага МЗС і мытнай службы адмовіліся камэнтаваць гэтыя паведамленьні.
Пхэньян імпартуе нафту і нафтапрадукты, неабходныя для функцыянаваньня прамысловасьці, а таксама для ядзернай і ракетнай праграм.
На мінулым тыдні Рада Бясьпекі ААН зрабіла больш жорсткімі санкцыі супраць Паўночнай Карэі ў адказ на лістападаўскія ракетныя выпрабаваньні. Члены Рады Бясьпекі прагаласавалі за падрыхтаваную Злучанымі Штатамі рэзалюцыю аднагалосна.
Рэзалюцыю падтрымаў у тым ліку і Кітай — галоўны гандлёвы партнэр Пхэньяну. Сярод новых санкцыйных мер — абмежаваньне імпарту паліва ў Паўночную Карэю на 90 адсоткаў. Усе пастаўшчыкі нафты ў КНДР павінны паведамляць пра гэта ў ААН.