У 2016 годзе беларусы занадта літаральна ўспрынялі загад Аляксандра Лукашэнкі «распранацца і працаваць». Сёлета дзеля Лукашэнкі ніхто публічна не распранаўся, але падобна, што менавіта зь ягонай заявы распачалася «справа патрыётаў». Былі і «бяскрыўдныя» выказваньні.
2017 год — экстрэмальны... някепскі ўвогуле, але экстрэмальны
«Гэта быў экстрэмальны год. Шчыра кажучы, я нават ня памятаю такіх. Ён быў някепскі ўвогуле, але экстрэмальны ў тым пляне, што такога не было, мы такога не перажывалі. Урок галоўны: мы, калі не перажывалі такіх пэрыядаў, аказаліся не ва ўсім гатовыя да гэтага. Нам не хапае арганізаванасьці, дысцыпліны — гэта вялікія рэзэрвы для сельскай гаспадаркі».
2018 год — галоўны год
«Наступны год мы аддамо цалкам парадку, культуры земляробства, культуры на палях. Гэта будзе наш галоўны год. Больш не разьлічвайце на вялікія грошы і капітальную падтрымку. Год добры, зарабляйце грошы».
Заданьні-2017: размнажацца, працаўладкаваць жонак і палюбоўніц чыноўнікаў, знайсьці новую крыніцу энэргіі
«І гэта мэта ўсёй маёй палітыкі — у Беларусі павінна быць ня менш за 20 мільёнаў чалавек. Вось тады мы будзем магутныя як ніколі, і ніхто ў наш бок коса глядзець ня будзе».
«Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек. А самая галоўная наша задача, якую ня мы, дык нашыя дзеці павінны вырашыць, — 15 мільёнаў насельніцтва. Гэта эканамічная бясьпека нашай краіны, моц нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях. […] За разьвязаньне гэтых сацыяльных пытаньняў спагнаньне жэстачайшае з кожнага чыноўніка».
«Людзі — гэта нашая бясьпека. Нам трэба хаця б 15 мільёнаў насельніцтва, каб не апусьцела Беларусь [...] Таму галоўнае для вас — нараджаць. Астатняе ўсё за намі».
«Я пакуль зьвяртаюся да дзяржаўных службоўцаў ды іншых значных у краіне асобаў: працаўладкуйце, калі ласка, сваіх жонак, мужоў, палюбоўніц і палюбоўнікаў, родных і блізкіх. Тых, хто павінен і можа працаваць. Калі жонка ці палюбоўніца хворая — ну што ж, будзем лекаваць. Калі могуць працаваць і павінны, яны максымум з 1 красавіка павінны быць на працы».
«Я хацеў бы, каб нашы навукоўцы вынайшлі нейкую новую крыніцу энэргіі, каб мы на каленях ня поўзалі нават перад нашымі братамі, молячы іх і выпрошваючы тону нафты або кубамэтар газу».
Пра войска і вайну (у тым ліку віетнамскую)
«Сёньня некаторыя пад выглядам „дармаедзтва“, яшчэ чагосьці спрабуюць гэтую лодку разгайдаць і даказаць нам, што гэта ня нашыя землі, а нечыя. Таму для нас гэта вельмі актуальна. „Дармаеды“ павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёньня выкарыстоўваць у самых карысьлівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсьць, зьнішчыць на корані тое, што мы адрадзілі, каб ня даць нам замацавацца.
«Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (ня тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэнаваліся ў лягерах з зброяй. Дарэчы, адзін зь лягераў быў у раёне Бабруйску і Асіповічаў. Астатнія лягеры — ва Ўкраіне, па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (ня буду сьцьвярджаць, але недзе там). Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю з зброяй».
«Сёньня ўжо кажуць, што патрэбныя пасярэднікі паміж Пуцінам і Лукашэнкам. Ды супакойцеся: у нас з Уладзімірам Уладзіміравічам бліскучыя адносіны, падбяром час, сустрэнемся. Калі ёсьць нейкія праблемы, мы іх вырашым без пасярэднікаў, вырашым удвох, і нам ня трэба ніякае пасярэдніцтва. Мы родныя браты, нам дзяліць няма чаго. Я яму неяк публічна сказаў: можа, яшчэ настане час, калі прыйдзецца сьпінай да сьпіны стаць і адстрэльвацца».
«Беларускі народ з даўніх часоў, асабліва ў цяжкія пэрыяды вашай [віетнамскай] гісторыі, быў заўсёды побач. Кожны віетнамец добра памятае мінулую вайну і тую цану, якую вы заплацілі за свабоду і незалежнасьць. Памятаем і ведаем пра гэта і мы. Таму што мы былі тады побач з вамі на віетнамскай зямлі».
«Хачу папярэдзіць: хопіць апраўдвацца, абарончы характар нашы вучэньні маюць, яшчэ нешта. Ёсьць армія, ёсьць супольная групоўка Беларусі і Расеі на заходнім напрамку. А калі яна існуе, мы ні ад кога гэта не хавалі, мы яе будзем вучыць ваяваць. На ўсялякі выпадак».
«У нас жа раней было правіла: калі адзінае дзіця, яго маглі не прызываць ва ўзброеныя сілы. Трэба паглядзець, прааналізаваць гэтую практыку. Гэта адзіны сын! Гэта адзіная апора, надзея. Калі жадае — можа быць, і жаданьне ўлічваць, бо многія бацькі з задавальненьнем адпраўлялі і адпраўляюць дзяцей ва ўзброеныя сілы, бо гэта школа. Гэта добрая школа!»
Пра дзяцінства, адукацыю і сына
«Першы [яскравы ўспамін], калі я сам вадзіў каня, абганяючы бульбу. Поле было падзеленае на тры часткі. Было 12 гадзінаў дня, сьпякота неймаверная, авадні, мухі… А потым ужо я сам абганяў бульбу (гэта другое ўражаньне), а малодшы стрыечны брат вадзіў каня. Ён быў крыху меншы за мяне ростам, і яму ўвесь час трэба было ісьці, трымаючы рукі ўгору, каня весьці».
«Я быў цяжкім вучнем. Прызнаюся: у дзіцячым пакоі міліцыі на ўліку стаяў у пераходным узросьце. І калі прыходзіла жанчына, капітан міліцыі, мне пальцам трэсла — у мяне сэрца ў пяты ўцякала. Хоць я быў нахабістым хлопцам. Гэта значыць, дзесьці міліцыю трэба падключыць, каб дырэктару і настаўніку дапамагчы. Таму што ў школе вольніцы шмат».
«Я яму [малодшаму сыну Мікалаю] кажу: пачытай пра пяцібальную сыстэму, дыскусія ідзе. А ён мне: ты ўжо зь дзевятай гадзіны прымусіў усіх заняткі пачынаць, табе яшчэ і пяцібальную сыстэму давай».
«Пытаюся ў свайго: „Слухай, ну як на першым уроку?“ — „Так, тата, нічога, усе сьпяць, і я там прыкархну трошкі“. — „Ну, слухай, ты ж сын прэзыдэнта, нельга там“. — „Спаць хачу!“ Бязладзьдзе ў школе. У элемэнтарных рэчах».
«Студэнты — вальнадумцы. Мы самі такімі былі. Ня ведаю, як вы, а я дык дакладна. Таму ня трэба ў іх гэтую жылку і струнку душыць».
Пра мову: за расейскую гінулі!
«Гэта добра, што ў беларусаў ёсьць свая мова. Чаго нас у гэтым папракаць? Хоць у нас пераважная большасьць людзей размаўляе на расейскай мове, і ў побыце ў нас мова зносінаў расейская. Але падкрэсьліваю — гэта не «российская» мова. Гэта наша агульная з вамі мова, якую мы стваралі гадамі».
«Я хацеў бы, каб гэтыя прадметы [гісторыя ў школе] вывучаліся на беларускай мове. Мы больш маем зносіны, у тым ліку ў побыце, на рускай мове. Беларускай мовы ў нашым побыце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Ня ведаю. Ня думаю, што гэта катастрофа».
«[Расейская мова] гэта наша мова. Мы на гэтай мове стагодзьдзямі размаўлялі. Мы гінулі за гэтую мову».
Мясьніковіча вешалі, Макей высах
Пра недатыкальнасьць «сваіх людзей»
«Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэньня прэзыдэнтам, урывацца ў дом? Бо для таго, каб праваахоўным органам нават весьці нейкія расьсьледаваньні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестар прэзыдэнта, трэба згода прэзыдэнта. Уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць».
Банкіры — зборышча тлустых катоў, а хакеісты — зялёнавокія
«Устанавіце нармальны заробак гульцу за гульню, а за вынік — дадайце. І трэба істотна прызавыя і іншыя дадаваць за вынік унутранага чэмпіянату. Тады будуць гуляць тут. А яны ўсе — ад Захарава да шараговага хакеіста — ня думаюць нічым, акрамя зарплаты! У іх зялёныя вочы, паглядзіце. Ва ўсіх! Зялёныя вочы! У нас ужо няма ні карых, ні блакітных, толькі „зеляніна“ ў вачах! Мы ня супраць плаціць. Але за што плаціць?»
«Я толькі што казаў пра ўзровень заробкаў у краіне. Хацелася б, каб банкаўская сыстэма не была, цытую народ, „зборышчам тлустых катоў“ — гэта ня толькі кажа рабочы і селянін, гэта кажа ўся інтэлігенцыя».
Пра вечнае
«Па заробках зразумела: тысячу рублёў мы дасягнем. Што тычыцца заробкаў на будучыню: 1000 рублёў будзем мець, але гэта будзе сярэдні. Ёсьць прадпрыемствы, які гэты сярэдні заробак цягнуць уверх — гэта добра. Але ёсьць жа палова, можа, крыху менш прадпрыемстваў, дзе мы не дацягваем да гэтага ўзроўню, і наогул там заробак невялікі. За 2018–2019 гады, асабліва за 2018 год, мы бяромся за гэтыя вось ніжнія — тыя, хто мала зарабляе, каб мы ў 2018 годзе іх падцягнулі ўжо да 500 даляраў, 1000 рублёў. Прынамсі, бліжэй. Ну і за кошт іх і ў пэрспэктыве за кошт тых, хто ўжо дасягнуў, мы будзем мець ужо мо і 1500 рублёў».
«1000, 1010 там, ну 1000 рублёў урад павінен выйсьці. Зразумела, што ў студзені мы будзем адпачываць, люты няпоўны месяц, але ачухаемся ўжо там ад студзеня, дзе мы там прагуляем амаль паўмесяца, мы павінны заплаціць 950 рублёў з выхадам у сакавіку зноў на 1000 рублёў. А далей — другі, трэці, чацьвёрты квартал — мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 хоць пакрыху».
Пра фэкаліі
«[Апазыцыянэры зразумелі, што ня ўсе яны трапяць на круглы стол], таму я паставіў умовы. І гэта ўзарвала гэтую апазыцыйную кляаку. Тыя, хто наверсе, зразумелі, што да прэзыдэнта яны ня трапяць, а за стол сядуць іншыя».
Прамяняць Буда-Кашалёва на Брусэль?!
«[Асабіста запрашалі ў Брусэль на саміт Усходняга партнэрства] Але ўжо ўсё было сплянавана, усё заплянавана. А ў Буда-Кашалёў я паездку ўжо тройчы адкладаў. Што, трэба было яшчэ раз адкласьці? Ды я думаю, з тым парадкам дня, з тым, што там у Брусэлі адбываецца, міністар замежных справаў заўсёды спраўляўся і справіцца гэтым разам».