Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр беларускі крытык і літаратуразнаўца Дзьмітры Бугаёў


 Дзьмітры Бугаёў, архіўнае фота 2008 году
Дзьмітры Бугаёў, архіўнае фота 2008 году

28 сьнежня памёр вядомы беларускі крытык і літаратуразнаўца Дзьмітры Бугаёў. Разьвітаньне і грамадзянская паніхіда пачнецца 30 сьнежня а 13 гадзіне ў рытуальнай залі «лечкамісіі», паведамляе Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Зьверствы рэжыму і маральныя кампрамісы

Дзьмітры Бугаёў — сябра Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1989 году), сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1961 году). Нарадзіўся 12 студзеня 1929 году ў вёсцы Сычык на Крычаўшчыне ў сялянскай сямʼі.

Вучыўся ў Магілёўскай пэдагагічнай вучэльні, працаваў настаўнікам у Крытышынскай сямігадовай школе Іванаўскага раёну і адначасова займаўся на факультэце мовы і літаратуры Магілёўскага пэдынстытуту.

Працягнуў навучаньне ў асьпірантуры пры Менскім пэдагагічным інстытуце, выкладаў беларускую літаратуру ў Мазырскім пэдагагічным інстытуце, быў навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР.

Ад 1964 году — дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, кандыдат філялягічных навук, прафэсар.

«...Можна ўявіць, якой сьмеласьцю было — займацца ў 1950-я і 1960-я гады творчасьцю пісьменьнікаў даваеннай пары, творчасьцю былых палітзьняволеных, па сутнасьці, — гаворыцца ў нэкралёгу на сайце СБП. — Далёка ня кожны літаратуразнаўца наважваўся на гэта: сталінскія кадры працягвалі працаваць і ў апараце кампартыі, і ў кіраўніцтве акадэмічнай навукай, ды і ў асяродзьдзі самога Саюзу пісьменьнікаў. Тым ня менш, для Дзьмітрыя Якаўлевіча, чый бацька ў 1936-м не вярнуўся пасьля чарговага арышту, падобны выбар быў натуральны. Ён ведаў вартасьць таго часу і ня меў наконт яго ніякіх ілюзій».

Зрэшты, адкрыта гаварыць пра сталінскія зьверствы таксама ня мог. Даводзілася ісьці на кампрамісы, пісаць пра «асобныя недахопы» і «пэўныя памылкі». Іначай гаварыць пра рэпрэсаваных літаратараў было нельга. Але біяграфічныя дадзеныя, ачышчэньне твораў ад рознага кшталту «наносаў» лепш за ўсякую даведку рэабілітоўвалі пісьменьніка.

Пераацэнка каштоўнасьцяў у эпоху незалежнасьці

Дзьмітры Бугаёў быў адным з тых падзьвіжнікаў, якія паступова праводзілі рэабілітацыю літаратуры 1920-х, уключалі яе шматгранную палітру ў акадэмічны фармат. Ягоныя манаграфіі пра Ўладзімера Дубоўку (1965) і Максіма Гарэцкага (1968) чытаюцца зь цікавасьцю і сёньня. Аналізуючы раньнія апавяданьні Лынькова (1963) і «Хто сьмяецца апошнім» Крапівы (1971), прозу Барыса Мікуліча і Васіля Каваля (1959–1960), творчасьць Платона Галавача (1973), Бугаёў перш за ўсё падкрэсьліваў нязломны пісьменьніцкі характар.

Гады незалежнасьці адкрылі Бугаёва як бескампраміснага крытыка таталітарнай сыстэмы, камуністычнай утопіі, абаронцу нацыянальнага праекту Беларусі.

Адкінуўшы былыя забароны, ён па-новаму зірнуў на прозу Васіля Быкава ў кнізе «Праўда і мужнасьць таленту». Крытычны погляд Бугаёва часта быў скіраваны не на паэтыку твору, а на адлюстраваньне жыцьця.

«Гэта цяпер лёгка крычаць, бо ўсё дазволена, нічым ня трэба рызыкаваць. А тады многае давалася зь вялікімі пакутамі, кожная пераацэнка давалася з боем», — успамінаў чвэрць стагодзьдзя таму Дзьмітры Бугаёў у адным з інтэрвію.

«Успомнім пра гэта і мы ў дні разьвітаньня з патрыярхам нацыянальнай крытыкі, прафэсарам, доктарам, ляўрэатам», — заклікае рада Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG