Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: крымінальная справа не перашкаджае працаваць лідэру незалежнага прафсаюзу


Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь
Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь

Крымінальная справа супраць лідэраў незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) «не забараняе спадару Фядынічу абараняць правы працоўных», сьцьвярджае Сьледчы камітэт Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў адказе СК на адрас Беларускага кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Тое, што робяць сьледчыя, скіравана на вывучэньне ўсіх «за» і «супраць» у гэтай справе:

«У рамках крымінальнай справы праводзяцца дзеяньні па зборы доказнай базы, якія як выкрываюць, так і апраўдваюць кіраўнікоў Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці ў зьдзяйсьненьні ўчынкаў, якія ім інкрымінуюцца. Ажыцьцяўленьне папярэдняга расьсьледаваньня не перашкаджае дзейнасьці РЭП і скіравана на ўсталяваньне ісьціны па справе», — напісана ў адказе Сьледчага камітэту.

Кіраўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных сілаў атрымалі адказ на свой зварот у Сьледчы камітэт 27 сьнежня.

Фядыніч ня згодны з ацэнкай Сьледчага камітэту

Старшыня РЭП Генадзь Фядыніч сказаў Свабодзе, што ён ня згодны з высновамі кіраўніцтва Сьледчага камітэту.

Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

«Ну як жа не перашкаджае?! Кампутары нам дагэтуль не вярнулі. Мне забаронена выяжджаць за мяжу», — кажа прафсаюзны кіраўнік.

На пачатку лістапада Сьледчы камітэт ня даў Фядынічу дазволу выехаць у Жэнэву на сустрэчу лідэраў міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых IndustriALL, які ахоплівае 50 мільёнаў чалавек у 140 краінах. Генэральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс раней напісаў ліст-зварот у Сьледчы камітэт. З увагі на абмежаваньні ў перамяшчэньні Фядыніча, зьвязаныя з дадзенай ім падпіскай аб нявыезьдзе, міжнародная арганізацыя давала гарантыі своечасовага вяртаньня Фядыніча ў Беларусь.

Паводле кіраўніка РЭП, на люты 2018 году плянуецца прыезд у Беларусь дэлегацыі міжнароднага прафсаюзу.

Сьледзтва ў справе Фядыніча і Комліка працягваецца

2 жніўня дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю правёў ператрусы ў офісе РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара Ігара Комліка. Затым было абвешчана, што ў дачыненьні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Ігар Комлік
Ігар Комлік

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не зьбіраюцца.

Сьледчы камітэт працягнуў справу прафсаюзных лідэраў да 2 лютага 2018 году.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG