Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць стратных арганізацый прамысловасьці ў студзені-кастрычніку 2017 году ў параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам зьнізілася з 389 да 361, або на 7,2%, а іх удзельная вага — з 24 да 22%, але пры гэтым сумарныя чыстыя страты вырасьлі за год на 16,8% да 836,1 млн рублёў. Страты на адну стратную арганізацыю вырасьлі на 25,9%, паведамляе БелаПАН.
Чысты прыбытак усіх прамысловых арганізацый склаў каля 3,4 млрд рублёў (на 53,9% больш), прыбытак ад рэалізацыі вырас на 32% (каля 7,8 млрд руб), рэнтабэльнасьць продажаў склала 9,6% супраць 8,1% за студзень-кастрычнік 2016 году, рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі — 12,2% супраць 10,4%.
Кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч раней у камэнтары БелаПАН адзначаў, што зьніжэньне колькасьці і долі стратных прадпрыемстваў, верагодна, зьвязана з рэструктурызацыяй даўгоў. «Таксама прадпрыемствы сталі акуратней ставіцца да сваіх фінансаў», — лічыць экспэрт.
На думку кіраўніка Навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, праблемных прадпрыемстваў значна больш, чым афіцыйна стратных. Многія зь іх працуюць з рэнтабэльнасьцю ніжэй за 5%. Ён прапануе прыватызаваць стратныя прадпрыемствы ў спадзеве на «рэанімацыю сіламі інвэстараў і стварэньне на іх базе новай вытворчасьці».