Прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой гатовы да перамоваў з новым урадам Каталёніі. Пра гэта ён заявіў на прэс-канфэрэнцыі 22 сьнежня. Рахой падкрэсьліў, што дыялёг павінен праходзіць у рамках закону і што са спробамі парушыць Канстытуцыю ён пагаджацца не зьбіраецца.
Напярэдадні ў Каталёніі прайшлі датэрміновыя рэгіянальныя выбары. На іх перамаглі прыхільнікі незалежнасьці аўтаноміі. Галасаваньне прызначылі пасьля таго, як рэгіён абвясьціў аб аддзяленьні ад Гішпаніі па выніках мясцовага рэфэрэндуму. У адказ Мадрыд ўвёў у Каталёніі прамое кіраваньне і адправіў мясцовы ўрад у адстаўку.
Пасьля выбараў былы кіраўнік Каталёніі Карлэс Пудждэмон заклікаў гішпанскія ўлады сесьці за стол перамоваў. Палітык гатовы сустрэцца з прэм’ер-міністрам у любой краіне Эўразьвязу, акрамя Гішпаніі. Паводле Пудждэмона, для вяртаньня на радзіму яму патрэбныя гарантыі, што ён можа заняць пасаду кіраўніка новага каталёнскага ўраду. Аднак Рахой адкінуў прапанову Пудждэмона сустрэцца.