Аляксандар Лукашэнка паведаміў 22 сьнежня пра падпісаньне дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Поўны тэкст дэкрэту пакуль не апублікаваны, але Tut.by і Dev.by пераказваюць некаторыя ягоныя пункты. Ці няма ў дакумэнце «падводных камянёў», пакуль невядома.
[Увечары 22 сьнежня тэкст дэкрэту і зьвязаных зь ім прававых актаў зьявіўся на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі. Спампаваць іх можна тут].
А вось што там ёсьць.
«Асаблівы рэжым» для ПВТ працягнуты
«Асаблівы рэжым» для Парку высокіх тэхналёгій працягнулі да 1 студзеня 2049 году. Паводле ранейшага дэкрэту прэзыдэнта ён меўся дзейнічаць з 2005 па 2020 год.
Якія галоўныя прэфэрэнцыі мае ПВТ?
Цяпер кампаніі-рэзыдэнты ПВТ вызваленыя ад сплаты ўсіх карпаратыўных падаткаў:
- падатку на дададзеную вартасьць па абаротах ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, маёмасных правоў на тэрыторыі Беларусі;
- падатку на прыбытак;
- падатку на нерухомасьць з аб'ектаў на тэрыторыі ПВТ.
Апроч таго, для іх супрацоўнікаў паніжаны індывідуальны падаходны падатак (з 13% да 9%), які не ўключаецца ў сукупны гадавы даход.
Таксама кампаніям дазволена выплачваць адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва зыходзячы зь сярэдняй зарплаты па краіне, якая ў разы меншая, чым заробкі айцішнікаў.
Замест усяго гэтага рэзыдэнты плацяць 1% ад уласнай выручкі на карысьць адміністрацыі ПВТ.
Крытэры для ўступленьня ў ПВТ пашырылі
Калі раней рэзыдэнтамі ПВТ — сёньня гэта 192 кампаніі — былі ў асноўнай масе распрацоўшчыкі праграмнага забесьпячэньня на замову замежных кліентаў, то цяпер у Парк будуць ахвотна браць кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай уласных прадуктаў.
Гэта тычыцца машыннага навучаньня і нэўрасетак, бесьпілётнікаў, біятэхналёгій, а таксама адукацыі ў ІТ, здабычы і перапродажу крыптавалютаў, кібэрспорту і іншага, што можа пазьней дазволіць назіральная рада.
Рэзыдэнтам ПВТ спрасьцілі фінансавыя бюракратычныя працэдуры
Кампаніям з ПВТ можна будзе адкрываць рахункі ў замежных банках без дазволу, прасьцей пераводзіць замежныя валюты і электронныя грошы, не перакладаць некаторыя дакумэнты з ангельскай мовы і гэтак далей.
Дазволяць таксама розныя інвэстыцыйныя апэрацыі, вядомыя як элемэнты «ангельскага права»: канвэртаваныя пазыкі, апцыёны, дамовы аб неканкурэнцыі, інвэстыцыйныя таварыствы і іншае. У выпадку банкруцтва кампаніі яе ўладальніка ня будуць садзіць за краты (акрамя выключных выпадкаў).
Ці варта распаўсюдзіць «ІТ-дэкрэт» на ўсіх? Разважаюць эканаміст і айцішнік
«Зялёнае сьвятло» замежнаму капіталу
Апроч увядзеньня элемэнтаў «ангельскага права», замежныя кампаніі, якія працуюць з рэзыдэнтамі ПВТ, будуць вызваленыя ад падатку на дададзеную вартасьць і шэрагу іншых падаткаў з даходаў ад працы зь беларусамі.
Замежнікі таксама змогуць працаваць з кампаніямі ПВТ без асаблівага дазволу і езьдзіць у Беларусь бязь візы да 180 дзён.
Легалізуецца крыптавалюта
Беларусам дазволяць здабываць і абменьваць крыптавалюты (у тым ліку на беларускія рублі) і ня будуць лічыць гэта за прадпрымальніцкую дзейнасьць. Кампаніям праз ПВТ дазволяць рабіць біржы крыптавалютаў і здабываць крыптавалюты, нават ствараць уласныя.
З «крыптавалютчыкаў» абяцаюць ня браць падаткі на прыбытак, на даход зь фізычных асобаў, на дададзеную вартасьць і падатак па спрошчанай схеме да 2023 году.