Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абноўлены «дармаедзкі» дэкрэт запрацуе толькі з 2019 году

абноўлена

«Марш недармаедаў» у Рагачове, сакавік 2017 году
«Марш недармаедаў» у Рагачове, сакавік 2017 году

Абноўлены дэкрэт № 3 «Аб прадухіленьні сацыяльнага ўтрыманства» запрацуе «ў поўным аб’ёме» з 1 студзеня 2019 году. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Васіль Жарко пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, піша БЕЛТА.

«Самы важны падыход — гэта стымуляваньне занятасьці. Каб максымальна стварыць умовы для стоадсоткавай занятасьці грамадзян, якія мусяць працаваць па сваіх магчымасьцях», — сказаў Жарко.

Паводле яго, урад вызначыць адпаведныя крытэры і пералік паслугаў, кошт якіх тыя, хто падпадае пад нормы абноўленага дэкрэту, будзе абавязаны кампэнсаваць у поўным аб’ёме. За якія менавіта паслугі трэба будзе плаціць, віцэ-прэм’ер не ўдакладніў, бо гэтае пытаньне яшчэ абмяркоўваецца.

У новай рэдакцыі дакумэнт зьменіць назву — меркавана, ён стане называцца дэкрэтам «па спрыяньні занятасьці».

Асноўнымі выканаўцамі дэкрэту будуць мясцовыя органы ўлады і камісіі пры адміністрацыях раёнаў і гарадоў.

У камісіі ўвойдуць прадстаўнікі выканаўчай улады і грамадзкіх арганізацый на чале з старшынямі раённых Саветаў дэпутатаў. Яны будуць пэрыядычна пераглядаць сьпіс асобаў, якія мусяць плаціць падатак «за дармаедзтва».

Раней паведамлялася, што дэкрэт зазнаў «карэнную рэканструкцыю», але ў чым яна заключалася, не ўдакладнялася.

Аляксандар Лукашэнка патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да 1 кастрычніка. У сакавіку ён пастанавіў прыпыніць на год дзеяньне дэкрэту пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы па абнаўленьні дэкрэту, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі.

Паводле дадзеных Белстату, на кастрычнік 2017 году ў Беларусі зарэгістравана 26,3 тысячы беспрацоўных (у студзені было 37,6 тысячы).

«Працую за 260 рублёў». Як жывуць героі веснавых «дармаедзкіх пратэстаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG