Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчу зь міністрам абароны ў Барысаве прыйшло пяць чалавек. ФОТА


Андрэй Раўкоў
Андрэй Раўкоў

Свабода даведалася, пра што Андрэй Раўкоў размаўляў зь людзьмі і што ім паабяцаў.

20 сьнежня ў Барысаве адбылася сустрэча зь міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым. На яе прыйшло пяць чалавек. Замест заплянаванай гадзіны сустрэча працягвалася амаль дзьве. Яе ўдзельнікі расказалі Свабодзе, з чым прыйшлі да міністра і што ад яго пачулі.

Сьвятлана, маці прызыўніка: «Я стала змагацца пасьля таго, што здарылася з Аляксандрам Коржычам»

«Я задала міністру пытаньні пра беспарадак, які адбываецца падчас прызыву. У першую чаргу пытаньні, датычныя мэдагляду. У майго сына праблемы са здароўем, а гэта ня ўлічваецца. Нават, калі гаварыць груба, парушаюцца правы.

У арміі мала турбуюцца аб здароўі нашых дзяцей

Міністар сказаў мне, што трэба праходзіць мэдкамісію. Сказаў, што з такімі праблемамі сына ня возьмуць у армію. Я на прыём вырашыла прыйсьці, таму што гэтыя камісіі вельмі ўскладняюць жыцьцё, ганяюць пастаянна туды-сюды. Чалавека напружвае вельмі. Сын за месяц два дні толькі на працы зьяўляўся праз гэта.

Я стала змагацца пасьля таго, што здарылася з Аляксандрам Коржычам. У сына таксама такія праблемы, армія можа вельмі моцна паўплываць на яго здароўе. Выпадак з Коржычам прыцягнуў маю ўвагу. У арміі мала турбуюцца аб здароўі нашых дзяцей. Напэўна, пасьля сустрэчы зь міністрам я стала больш упэўненай, усё ж ён абнадзеіў».

Анатоль Наталенка, старшыня Саюзу афіцэраў: «Паставіў сабе задачу, каб у Барысаве іменем сябра назвалі школу і вуліцу»

«У мяне ў Аўганістане быў таварыш. Іван Уладзіміравіч Барысюк. Падчас службы ён атрымаў раненьне, граната трапіла ў плячо і захрасла. У шпіталі ён усіх разагнаў і сам зрабіў сабе апэрацыю, выцягнуў яе зь цела.

Але вось час прайшоў, але яму чамусьці ніхто ні ўзнагароды ня даў, ні ордэна, нічога. Ён дапамагаў усім, памёр ад інсульту на маіх руках. І калі ён паміраў, то я яму паабяцаў, што ягоныя заслугі будуць бачныя ў грамадзтве.

Паставіў у шпіталі помнік яму, сабралі самі грошы. А цяпер гляджу, што з Сырыі прыяжджаюць вайскоўцы ўсе ў мэдалях. Яны там проста пабылі — і ўсё, а чаму яму хаця б Ордэн мужнасьці ніхто ня даў? Хто „на кухні“ працаваў — усе з ордэнамі і мэдалямі.

Таму я вось паставіў сабе задачу, каб у Барысаве іменем сябра назвалі школу і вуліцу. Міністар пакуль нічога не адказаў. Узяў дакумэнты ў мяне. Я так разумею, што будзе вывучаць».

Тацяна Караткевіч, палітык: «Даведалася ад міністра, што нейкія зьмены будуць»

«Я пыталася, што робіцца ў Мінабароны дзеля прафіляктыкі дзедаўшчыны.

Мы чулі, што зьмяніліся кадры, яны рыхтуюцца, пераакрэдытацыю праходзяць. Відэакамэры будуць. Але што яшчэ?

Нашы прапановы пра зьмену парадку праходжаньня тэрміновай службы. Каб салдатам давалі больш магчымасьцяў тэлефанаваць бацькам, больш частыя сустрэчы з роднымі, супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю, праваабаронцамі, зьяўленьне амбудсмэна. І я даведалася ад міністра, што нейкія зьмены будуць. Аблегчаць сувязь з бацькамі.

У міністэрстве ўпэўненыя, што яны робяць усё магчымае

Але іншых зьменаў ня будзе. Гэта, канечне, ня вельмі добрая навіна. У міністэрстве ўпэўненыя, што яны робяць усё магчымае. Таксама я так зразумела, што яны будуць больш працаваць са школамі. Каб прызыўнікі былі гатовыя да службы ў арміі.

Мы размаўлялі больш за паўгадзіны. Розныя прыклады абмяркоўвалі. Раўкоў спрабаваў паказаць, што сытуацыя неадназначная, што ў мінулым годзе было 8000 прызыўнікоў, зь якіх загінулі толькі 7. Але мы на такой пазыцыі, што калі выпадкі сьмерці вайскоўцаў здараюцца, значыць, існуюць нейкія хібы ў арганізацыі, і над гэтым варта працаваць.

Пра справу Коржыча таксама гаварылі. Сказалі, што чакаюць зараз вынікаў сьледзтва».

Вікторыя, вайсковабавязаная: «Хачу працаваць радыётэлеграфістам»

«Я размаўляла зь міністрам пра тое, што хачу выканаць свае вайсковыя абавязкі, свой канстытуцыйны доўг па абароне Рэспублікі Беларусь. Як вайсковаабавязаная.

Я хацела б служыць ва Ўзброеных сілах, але цяпер няма вакансій. Я хачу працаваць радыётэлеграфістам. Я ў добраахвотным парадку атрымала вайсковую спэцыяльнасьць у барысаўскім ДТСААФе. І яшчэ маю вайсковую спэцыяльнасьць дыспэтчар-радыётэлефаніст.

Міністар сказаў, што будзе разглядаць пытаньне згодна з маёй заявай. Але не сказаў, калі можна чакаць адказу».

Усё пра гвалт у войску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG