Артыкул вядомага палітоляга Валерыі Касьцюговай «Выклікі часу: нараджэньне палітыкі. Назапашваньне сацыяльных зьменаў» на сайце «Наше мнение» выклікаў ажыўленую дыскусію на Фэйсбуку.
Галоўны сэнс артыкула Валерыі Касьцюговай у тым, ці мяняецца нешта ў Беларусі, а калі мяняецца, то што. І выснова, якую робіць аўтарка, зводзіцца да таго, што перамены адбываюцца, хоць і малазаўважныя. З маленькіх, ледзь бачных прыкметаў сп-ня Касьцюгова выводзіць трэнды, якія даволі хутка могуць моцна паўплываць на беларускую сацыяльную рэальнасьць. І мой блог — пэўная рэфлексія на згаданы артыкул.
Цалкам згодны з тым, якія перамены заўважыла аўтарка ў сацыяльна-эканамічнай сфэры. Новыя тэхналёгіі вядуць да зьменаў у структуры рынку працы, а калі шырэй — сацыяльнай структуры грамадзтва. Добра заўважныя перамены і ў інфармацыйнай сфэры.
Ад сябе хацеў бы дадаць пра тыя зьмены, пра якія давялося пісаць яшчэ год таму. Зьмяншэньне памеру і долі «старой» эканомікі вядзе да крызісу беларускай сацыяльнай мадэлі, бо яна грунтавалася на савецкай прамысловасьці і калгасна-саўгасным ладзе. І адна з важных функцый патэрналісцкай дзяржавы, аўтарытарнага рэжыму палягала ў абслугоўваньні, забесьпячэньні працы дзяржаўнага сэктару. І падзеньне цэнаў на нафту вядзе да крызісу схемы рэнтнай эканомікі (экспарт нафтапрадуктаў з расейскай нафты). Што, у сваю чаргу, у пэўнай ступені мяняе парадыгму беларуска-расейскіх адносін.
Крызіс сацыяльнай мадэлі выклікае ідэалягічны крызіс, які выяўляе няздольнасьць рэжыму прапанаваць грамадзтву новую праграму разьвіцьця.
Зьявіліся першыя прыкметы натуральнай эрозіі беларускай сацыяльнай мадэлі і палітычнага рэжыму. Напрыклад, назіраецца павольнае адміраньне элемэнтаў «сацыяльнай дзяржавы». У выніку ўлада ня столькі кіруе сацыяльнымі працэсамі, колькі рэагуе, часта зь вялікім спазьненьнем, на зьнешнія раздражняльнікі, неахвотна згаджаючыся зь непазьбежным. Напрыклад, зь неабходнасьцю лібэралізацыі працы бізнэсу. Пакуль мала зразумела, як практычна ўплываюць на Беларусь зьмены ўзросту прадстаўнікоў кіроўнай эліты, пра што піша Касьцюгова.
З чым я зусім не пагаджаюся, дык гэта з тымі нібыта пераменамі ў палітычнай сыстэме Беларусі, якія заўважыла аўтарка. Напрыклад, яна ўбачыла «павелічэньне публічнай ролі парлямэнту», адзначае, што дзьве альтэрнатыўныя дэпутаткі «паўплывалі на патэрны паводзін, „карпаратыўную культуру“ парлямэнту» (!?). Касьцюгова заўважыла «пачатак фармаваньня «палітычнай клясы» ў асяродзьдзі цяперашняй намэнклятуры, спасылаючыся на эвалюцыю «Белай Русі». Як на мой погляд, гэта клясычная бюракратычная структура, якая ў прынцыпе ня здольная эфэктыўна існаваць ва ўмовах палітычнай канкурэнцыі. Менавіта так здарылася з КПСС падчас гарбачоўскай перабудовы.
Яшчэ адзін цікавы тэзіс аўтаркі: «Умацаваньне імітацыйных інстытутаў у цэлым — ня толькі парлямэнту, але разнастайных каардынацыйных радаў, дэпутацкіх групаў, дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый, экспэртных пляцовак. Гэтыя імітацыйныя мэханізмы ня проста ўскладняюць палітычны дызайн, што, я лічу, добра само па сабе. Гэтыя мэханізмы пры належным напаўненьні могуць стаць рэальнымі інструмэнтамі пераменаў».
Сам па сабе выраз «умацаваньне імітацыйных інстытутаў» нясе ў сабе супярэчнасьць. Бо калі імітацыя ўзмацняецца, то яна далей адсоўваецца ад рэальнасьці. З гледзішча нават фармальнай лёгікі — чым больш імітацыі, тым меншы яе ўплыў на рэчаіснасьць, і наадварот.
З аднаго таго факту, што ўлада пагадзіліся проста размаўляць з прадстаўнікамі апазыцыі, аўтарка чамусьці робіць вялікія высновы. Ведаеце, развагі пра тое, што ў чынавенскім асяродзьдзі ня ўсё так адназначна, там адбываюцца нейкія працэсы, эвалюцыя, я чую ўжо два дзясяткі гадоў. І раней высокія чыноўнікі маглі паляпаць апанэнта па плячы. І што зьмянілася?
Што тычыцца «сутнасных» пераменаў у апазыцыі, то яны, на мой погляд, сапраўды ёсьць. Але зусім ня тыя, якія заўважыла Валерыя Касьцюгова. Напрыклад, я ня бачу прытоку новых людзей у апазыцыйную палітыку. Хутчэй там адбываецца палітычная дыфэрэнцыяцыя. Але не ідэалягічная, а ў пытаньні тактыкі барацьбы.
І з паводзін кіроўнай эліты, і зь дзеяньняў апазыцыі аўтарка робіць глябальную выснову: «мы назіраем працэс нараджэньня палітыкі». Даўно вядома, што кожны бачыць тое, што вельмі хоча.
Але ў любым выпадку, артыкул Валерыі Касьцюговай дае добрую інтэлектуальную глебу для сур’ёзнай размовы пра перамены ў Беларусі. У гэтым яго і каштоўнасьць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.