Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа пра дзяржздраду Януковіча: выказваньне Лукашэнкі як доказ невінаватасьці


Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка ў Кіеве ў чэрвені 2013 году.
Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка ў Кіеве ў чэрвені 2013 году.

Абарона былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, якога абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, зьвярнулася да суду з просьбай далучыць да матэрыялаў справы выказваньне беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з ацэнкаю дзеяньняў украінскіх уладаў пад час крымскіх падзеяў.

У прыватнасьці, гаворка ідзе пра выказваньне Аляксандра Лукашэнкі у часе ягонага выступу ў красавіку 2014 году з пасланьнем у парлямэнце. Тады беларускі кіраўнік заявіў:

«Вы чаму не ваявалі за Крым? У вас узброеных сіл там было больш, чым у Расеі. Вы гэтую тэрыторыю не абаранілі, значыць, ня лічыце яе сваёй. Калі б вы лічылі, што гэта ваша тэрыторыя, вы б за яе змагаліся».

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка паўтарыў, што дэ-факта лічыць Крым расейскай тэрыторыяй. «Дэ факта — гэта расейская тэрыторыя. Дэ-юрэ — не, таму, што няма ніякіх пагадненьняў. Але, напэўна, гэта пытаньне часу».

Да матэрыялаў далучаны відэазапіс, зроблены з расейскага інфармацыйнага тэлеканалу RT.

Справа аб дзяржаўнай здрадзе Віктара Януковіча слухаецца ў Абалонскім раённым судзе Кіева. Завочны працэс над экс-прэзыдэнтам пачаўся ў сярэдзіне траўня. Былому прэзыдэнту Ўкраіны інкрымінуюць дзяржаўную здраду. Абвінавачаньне мае намер патрабаваць пажыцьцёвага зьняволеньня.

Матэрыялы справы налічваюцца ў больш як дваццаці тамах. У пачатку ліпеня былы прэзыдэнт у эфіры расейскага тэлебачаньня заявіў, што адклікае сваіх адвакатаў і выходзіць з працэсу, назваўшы суд над ім у Кіеве «прафанацыяй», а яго вынік — «прадвызначаным». Пасьля гэтага працэс над Януковічам працягнуўся з удзелам прызначанага дзяржавай адваката. Але з часам адвакаты Віктара Януковіча вярнуліся ў працэс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG