Па словах чыноўніка, канчатковы вывад адносна прычынаў здарэньня зробіць спэцыяльная камісія Мінтрансу. Яна таксама павінна прапанаваць меры дзеля ліквідацыі наступстваў, бо ў Беларусі яшчэ пяць мастоў аналягічнай канструкцыі.
«Альбо будзе заменена пашкоджаная частка моста, альбо ён будзе абноўлены цалкам, — цытуе Анатоля Калініна БелТА . — Таксама неабходна разгледзець пытаньне аб узмацненьні канструкцый іншых падобных мастоў. На аднаўленьне мосту пад Бабруйскам сышло каля году. З улікам напрацаванага досьведу, мост пад Жыткавічамі будзе адноўлены ў больш кароткія тэрміны».
10 сьнежня праз Прыпяць перакінуць часовы пантонны мост. Як расказаў Анатоль Калінін журналістам, яго элемэнты цяпер дастаўляюцца з Магілёву і Пінску.
Да бліжэйшага мосту — 250 км
На мосце праз Прыпяць, размешчанага на 17-м кілямэтры аўтадарогі Р88 Жыткавічы — Давыд-Гарадок — мяжа Украіны, 7 сьнежня была выяўлена вэртыкальная прасадка. Дзеля бясьпекі карыстальнікаў прадпрыемства «Гомельаўтадар» спачатку забароніла рух па ім аўтатранспарту, а пасьля пешаходаў.
Мост цераз Прыпяць пабудавала ў 1985 годзе ААТ «Мастабуд». Незадоўга да сёлетніх «Дажынак» на мосьце рабілі капітальны рамонт, але тычыўся ён стыкаў і дарожнага пакрыцьця — галоўны пралёт не чапалі.
Мост у Чэрнічах зьвязвае зарэчную зону Жыткавіцкага раёну, у тым ліку Тураў, а таксама Століншчыну, з цэнтральнай Беларусьсю. Суседнія масты вельмі далёка: уніз па цячэньні Прыпяці — у Мазыры, уверх — ажно ў Пінску. Калі ехаць па іх у абʼезд, дарога павялічыцца больш як на 250 км.