Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талакой — на кнігу пра «Народнага футбаліста» Аляксандра Пракапенку


Аляксандар Пракапенка на Алімпіядзе-1980
Аляксандар Пракапенка на Алімпіядзе-1980

Родныя і сябры дачасна памерлага футбаліста менскага «Дынама» Аляксандра Пракапенкі распачалі збор сродкаў на кнігу пад назвай «Народны футбаліст».

Яе наклад будзе залежаць ад колькасьці грошай: 250 асобнікаў пры суме 5 500 рублёў, 500 асобнікаў, калі будзе 11 000 рублёў і г.д. На першым этапе сабрана 25% ад мінімальна заяўленай лічбы — 1 270 рублёў, да канца кампаніі засталося паўмесяца.

Як гаворыцца ў апісаньні на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» , дакумэнтальнае выданьне — не камэрцыйны праект. Кожны, хто пералічыць 20 рублёў ці больш, атрымае пэрсанальны асобнік, памятную паштоўку і запрашэньне на прэзэнтацыю.

Аўтарамі — журналіст Сяргей Лісічкін і сын легендарнага футбаліста Дзьмітры Пракапенка. Яны абяцаюць, што гэта будзе незвычайны аповед пра жыцьцё аднаго з самых яскравых гульцоў ХХ стагодзьдзя.

Вокладка будучай кнігі
Вокладка будучай кнігі

У 1980-я ва ўсім СССР мала хто мог параўнацца талентам і майстэрствам з бабруйскім самародкам. У тыя часы толькі адзінкі маглі сабраць поўныя стадыёны. Сярод іх беларус Аляксандар Пракапенка, расеец Фёдар Чаранкоў, армянін Харэн Аганесян, грузін Давід Кіпіяні.

Яны былі зоркамі ў літаральным сэнсе. Іх любілі простыя людзі — за сумленнасьць, шчырасьць, усьмешку на тварах і добразычлівасьць.

«Шкада, што Пракапенка нарадзіўся ня ў наш час. Цяпер яго фінты падрывалі б YouTube, забітыя мячы не сыходзілі б з папулярных Інтэрнэт-рэсурсаў, а прозвішча скандавалі б на ўсіх стадыёнах. Ён ня ўмеў гуляць, не аддаючыся любімай справе цалкам», — пішуць аўтары кнігі «Народны футбаліст».

Але рэінкарнацыі ня будзе: жыцьцё «Сашка», «Пракопа», «Чараўніка футболу» абарвалася на самым узьлёце, скончылася трагічна. Пра гэта ня так даўно ў гутарцы з Радыё Свабода згадваў Дзьмітры Пракапенка.

Дзьмітры Пракапенка на магіле бацькі
Дзьмітры Пракапенка на магіле бацькі

Таму галоўная задача кнігі — расказаць і паказаць юным беларусам, што на гэтай зямлі таксама быў свой Пеле, Марадона і Раналду ў адной асобе. Чалавек, які шмат дасягнуў і кім землякі могуць ганарыцца.

Аляксандар Пракапенка быў чэмпіёнам СССР з камандай «Дынама» (Менск), бронзавым прызэрам Алімпійскіх гульняў з савецкай зборнай.
Героямі кнігі разам з «народным футбалістам» — ягоныя родныя, блізкія, сябры-спартоўцы.

Зь ініцыятывы Дзьмітрыя Пракапенкі таксама зьняты дакумэнтальны фільм «Аляксандар Пракапенка. Народны футбаліст», паказ якога быў прымеркаваны да 35-гадовага юбілею перамогі сталічнага «Дынама» у першынстве СССР .

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG