Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Марачкін выставіў «Час дʼябла» — карціну пра жорны сталінскіх рэпрэсіяў. ФОТА


Карціна «Час дʼябла» на выставе Аляксея Марачкіна
Карціна «Час дʼябла» на выставе Аляксея Марачкіна

7 сьнежня ў менскім Палацы мастацтва пачалася выстава «Збор-1» аднаго з заснавальнікаў мастацкай суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна.

Выстаўленыя ягоныя працы розных гадоў, карціны колішніх ягоных студэнтаў і калекцыя ўзораў мастацтва, сабраная сямʼёй Марачкіных.

Дамінантай экспазыцыі стаў манумэнтальны твор «Час дʼябла». Палотнішча прысьвечана ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, забітым у Курапатах. Яе зьмест, як сказаў Свабодзе аўтар, хоць і мэтафарычны, але заснаваны на рэальных гістарычных падзеях — беспрэцэдэнтным тэроры супраць уласнага народу.

«„Час дʼябла“ абагульняе эпоху сталінскіх рэпрэсій, — сказаў мастак Свабодзе. — Ведаеце, як у Салжаніцына ёсьць раман „Чырвонае кола“, так і я сымбалем узяў кола, якое душыць. Тыя, хто прыводзіць яго ў дзеяньне, — ВЧК, ГПУ, НКВД, КДБ. Тут няма натуралізму, гэта сюр: безгаловыя ка́ты на чале з генэралісімусам, белыя постаці загінулых. Вобразы сымбалічныя, але пазнавальныя, іх можна ідэнтыфікаваць».

Паводле мастака, у сваёй працы ён ніяк ня мог абмінуць і сумны юбілей — 80-годзьдзе «ночы расстраляных паэтаў». Лёсы творцаў, зьнішчаных «чырвоным колам», праходзяць асобнай сюжэтнай лініяй.

«Даю няпоўны пералік забітых літаратараў: Вольны, Галубок, Зарэцкі, Кляшторны, Кульбак, Лявонны, Маракоў, Півавараў... На карціне ёсьць трохрадкоўе Дудара 1937 году: «...Сіл няма такіх, каб нас перадушыць! Мора пенай разабʼецца аб граніт — хай жа кажуць, што ні мэты, ні граніц...». Ці іншыя магутныя радкі па-расейску, напісаныя ў ГУЛАГу Барысам Карнілавым, адлюстраваныя на карціне: «Ох, как веет душком нечистым от тебя, гражданин чекист. Я плюю на твои наветы, на помойную яму лжи. Есть поэты, будут поэты... Ты, паскуда, живи, дрожи...»

Акрамя жывапісных прац, у Палацы мастацтва выстаўленыя творы з прыватнай калекцыі сямʼі Марачкіных. Найперш гэта дываны Язэпа Драздовіча, а таксама працы Генрыха Ноя, вучня Васіля Кандзінскага, і Міколы Пашкевіча, якім апекаваўся Казімір Малевіч.

Выстава будзе працаваць да 15 сьнежня. Мастак кажа, што імпрэза «асьвячоная» трыма магічнымі сямёркамі — 77-годзьдзем самога мастака і пачаткам працы выставы 7 сьнежня.

Аляксей Марачкін (творчы псэўданім Алесь Мара) нарадзіўся 30 сакавіка 1940 году ў вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёну на Магілёўшчыне. Скончыў Віцебскі пэдагагічны інстытут і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Сябра Саюзу мастакоў. Заснавальнік мастацкай суполкі «Пагоня», сябра аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. У 1989 годзе адмовіўся ад званьня заслужанага мастака БССР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG