Насуперак заявам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі генэрала Валерыя Герасімава, да цяперашняга моманту ня ўся тэрыторыя Сырыі вызвалена ад атрадаў групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІД), прызнанай у многіх краінах сьвету тэрарыстычнай. Такая ацэнка дасьледчай групы Conflict Intelligence Team (CIT), якая займаецца маніторынгам сытуацыі ў Сырыі.
У сераду Валеры Герасімаў заявіў, што ўсе «бандфармаваньні ІД на тэрыторыі Сырыі зьнішчаныя, а сама тэрыторыя вызваленая» — пасьля таго, як у правінцыі Дэйр-эз-Зор сырыйскія ўрадавыя войскі пры падтрымцы расейскай авіяцыі выбілі джыхадыстаў з шэрагу пасёлкаў на беразе Эўфрату. Пасьля гэтага прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што «баявая работа на гэтай тэрыторыі скончана поўным разгромам тэрарыстаў».
Экспэрт CIT Руслан Лявіеў у камэнтары для Радыё Свабода выказаў сумневы з нагоды заявы Герасімава і Пуціна. Паводле яго, атрады ІД працягваюць праяўляць актыўнасьць у цэлым шэрагу раёнаў Сырыі:
Заява вельмі дзіўная. Шэраг населеных пунктаў і тэрыторыі Сырыі на мяжы з Ізраілем кантралюе групоўка «Халід бін Валід», якая прысягнула на вернасьць ІД. Ёсьць пэўная колькасьць баевікоў у правінцыі Ідліб, куды яны змаглі выйсьці з Акербацкага катла. Левы (заходні) бераг Эўфрату яшчэ не да канца вызвалены, не кажучы ўжо пра пустыні ўсходняй. Але калі па пералічаных тэрыторыях яшчэ можна сказаць, што тыя баевікі «Ісламскай дзяржавы», якія засталіся там, зьяўляюцца галаўным болем іншых бакоў канфлікту (групоўку «Халід бін Валід» атакуюць мясцовыя сілы Свабоднай сырыйскай арміі пры падтрымцы Ізраілю, у Ідлібе «пытаньнем» ІД «займаецца <ісламісцкая групоўка> Тахрыр аш-Шам, левы бераг Эўфрату вызваляюць курды пры падтрымцы міжнароднай кааліцыі), то пустыня захад ад правага берага Эўфрату — гэта задача Асада і расейскіх узброеных сілаў. Там парадку 6600 км² сёньня кантралюецца баевікамі „ІД“, што выдатна відаць па карце. І частка пустыні ў правінцыі Хомс плошчай каля 2500 км² таксама кантралюецца „Ісламскай дзяржавай“», — сказаў Лявіеў.