Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрствы ўзгаднілі «ІТ-дэкрэт». Абяцаюць легалізацыю крыптавалютаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праект дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» (у народзе вядомы як «ПВТ 2.0») ўзгоднены без заўвагаў «усімі ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі» і вынесены на разгляд Аляксандру Лукашэнку, перадае БЕЛТА.

Ва ўрадзе сьцьвярджаюць, што дэкрэт прадугледжвае «максымальна спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця тэхналёгіі блокчэйн, у тым ліку майнінг і абарот крыптавалютаў, а таксама комплекснае прававое рэгуляваньне дзейнасьці ў гэтай сфэры». Таксама ва ўрадзе спадзяюцца, што IT-сэктар стане «адным з драйвэраў эканамічнага росту ў 2018 годзе».

Суаўтар праекту дэкрэту аб «ІТ-рэвалюцыі» ў Беларусі: У Эўропе такі акт можа прымацца гадамі

Пры гэтым праект дэкрэту не публікаваўся, а аб тым, што ў дэкрэце, распавядалі збольшага агульнымі фразамі. Тыдзень таму Мінфін скрытыкаваў крыптавалюты, але хутка прыбраў крытыку з сайту.

Новы «прарыўны» дэкрэт Лукашэнкі пра разьвіцьцё IT-галіны быў анансаваны пасьля таго як беларускі Парк высокіх тэхналёгій узначаліў стваральнік БРСМ Усевалад Янчэўскі. У дэкрэце, паводле Tut.by, сярод іншага прадугледжанае «ўвядзеньне ў грамадзянскае абарачэньне» крыптавалютаў і тэхналёгій блокчэйну.

У Беларусі звыш 115 тысяч айцішнікаў, іх сярэдні заробак — 1800 даляраў

Адным з лабістаў новага ІТ-дэкрэту лічыцца ІТ-бізнэсовец Віктар Пракапеня, які ў 2015 годзе правёў некалькі месяцаў за кратамі па абвінавачаньні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а ўжо сёлета прымаў у менскім офісе сваёй ІТ-кампаніі Лукашэнку.

Цяпер здабыча і абарачэньне крыптавалютаў у Беларусі не забароненыя, але і не дазволеныя: магчыма, за некаторыя апэрацыі могуць пакараць, але за якія — невядома.

Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску
Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску

Як працуе біткойн. Простымі словамі

Самая папулярная ў сьвеце крыптавалюта — біткойн. На момант публікацыі за 1 біткойн прапануюць амаль 10 тысяч даляраў, з пачатку году курс падскочыў у дзесяць разоў.

Біткойн, як і іншыя крыптавалюты, ня маюць купюраў ці манэтаў, як рэальныя, і не кантралююцца цэнтральнымі банкамі.

Гэтая сыстэма дазваляе ананімна абменьвацца ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абменьваць іх на тавары ці рэальныя грошы). Кожны можа праверыць, якія апэрацыі праводзіліся, але ня можа спраўдзіць, між кім: вядомыя псэўданімы адпраўніка і прымальніка віртуальных грошай, але ня іх рэальныя асобы.

Курс крыптавалютаў вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

Зьвесткі пра апэрацыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блёкамі. Пры гэтым кожны блёк зьмяшчае інфармацыю пра папярэдні.

Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Працу крыптавалютаў забясьпечваюць самі карыстальнікі: даюць вылічальныя магутнасьці сваіх кампутараў (усё часьцей — адмысловых вылічальных «фэрмаў» з магутных кампутараў) для апрацоўкі пераводаў грошай праз інтэрнэт з дапамогай спэцыяльных праграмаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты. Гэта завецца «майнінгам» — здабычай крыптавалюты праз забесьпячэньне яе існаваньня.

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сыстэмы, або нават калі ад сыстэмы адключыцца цэлы кантынэнт, яна працягне працаваць, ня страціўшы зьвестак пра ранейшыя і бягучыя пераводы грошай.

«Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабытчыкі», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасьці ў дастатковым аб’ёме.

Прававы статус крыптавалютаў няпэўны. Ён вельмі розьніцца па краінах сьвету, але большасьць краінаў не забараняе карыстацца імі. Дзе-нідзе ўжо можна расплаціцца крыптавалютай ня толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах. Але часта крыптавалюта (праз магчымасьць захаваць ананімнасьць) выкарыстоўваецца для гандлю незаконнымі таварамі і паслугамі — напрыклад, зброяй ці наркотыкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG