Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суаўтар праекту дэкрэту аб «ІТ-рэвалюцыі» ў Беларусі: У Эўропе такі акт можа прымацца гадамі


Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску
Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску

Адкрываючы 28 лістапада ў Менску пасяджэньне Парлямэнцкай асамблеі Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы, старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч сказаў, што ў Беларусі падрыхтаваны «можна сказаць, рэвалюцыйны праект нарматыўнага прававога акта» аб пераўтварэньні Беларусі ў IT-краіну.

Выступаючы на паседжаньні, адзін з ініцыятараў і лабістаў дэкрэту ІТ-прадпрымальнік Віктар Пракапеня заявіў, што новы закон «забясьпечыць поўную свабоду для гэтага сэктару» і зробіць Беларусь «айцішным Ганконгам славянскага сьвету».

Дэкрэт аб лічбавізацыі эканомікі — апошні не падпісаны з пакета дакумэнтаў дзеля лібэралізацыі і разьнявольваньня бізнэсу ў Беларусі. Мяркуецца, што ён будзе разгледжаны на адмысловай нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі ў другой палове сьнежня.

Увесну, пасьля таго, як беларускі Парк высокіх тэхналёгіяў узначаліў стваральнік БРСМ Усевалад Янчэўскі, быў анансаваны новы «прарыўны» дэкрэт Лукашэнкі пра разьвіцьцё IT-галіны, які атрымаў неафіцыйную назву «ПВТ 2.0». Але зацікаўленыя кампаніі, як і ўрад ці дэпутаты, не публікуюць поўнага тэксту праекту, а толькі рэклямуюць яго як будучы закон, што «ператворыць Беларусь у IT-краіну».

«Дэкрэт яшчэ не прынялі, але і не адхілілі, трэба набрацца цярпеньня»

На якой стадыі падрыхтоўкі знаходзіцца «прарыўны» дэкрэт, анансаваны яшчэ падчас сакавіцкага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў менскі офіс кампаніі Пракапені? Пра гэта Свабодзе распавёў генэральны мэнэджэр кампаніі VP Capital Беларусь Мікалай Маркоўнік, які прымаў удзел у распрацоўцы дакумэнту.

— Мы бралі ўдзел у падрыхтоўцы дэкрэту з боку IT-кампаній, якія ведаюць, чаго з пункту гледжаньня рэгуляваньня не хапае, каб можна было адносна больш аптымальна працаваць і каб розныя бізнэс-мадэлі маглі працаваць у Беларусі, — распавёў Маркоўнік. — Наколькі я ведаю, бліжэйшым часам будзе нейкі працяг адносна гэтага дэкрэту, абмеркаваньне ў вузкім ці шырэйшым коле. Большай інфармацыяй не валодаю.

— Але нешта вельмі доўга цягнецца гісторыя з гэтым дэкрэтам?

— Гэта насамрэч вельмі складаны дакумэнт, вельмі аб’ёмны, таму патрэбны час. Там задзейнічаны ўрад, адміністрацыя прэзыдэнта і ўсе дзяржаўныя ўстановы, якія павінны ўзгадніць яго. У эўрапейскіх краінах такі акт, як гэты дэкрэт, мог прымацца гадамі, бо ён складаны і закранае вельмі многа аспэктаў. Таму няправільна чакаць, што ён будзе падпісаны за два месяцы. Яго яшчэ не прынялі, але і не адхілілі. Таму трэба набрацца цярпеньня і пачакаць.

Лукашэнка і Янчэўскі падчас наведваньня офісу Віктара Пракапені ў сакавіку 2017
Лукашэнка і Янчэўскі падчас наведваньня офісу Віктара Пракапені ў сакавіку 2017

«У Беларусі ўжо ствараецца пэўная экасыстэма»

— Цяпер шмат гаворыцца пра тое, што Беларусь спазьняецца і павінна як мага хутчэй гэтыя IT-тэхналёгіі ўкараняць у жыцьцё.

— Ня будзе кампаній, якія не працуюць у IT-сфэры. Бо IТ пранікае ва ўсё больш сфэраў. Кампаніі, якія не выкарыстоўваюць гэтыя тэхналёгіі, страчваюць у канкурэнтаздольнасьці. Магчыма, мы і спазьняемся параўнальна зь іншымі краінамі. Але адносна некаторых краін мы і не спазьняемся. Таму, калі казаць глябальна, гэта добрая ініцыятыва адносна таго, каб гэтыя тэхналёгіі маглі разьвівацца ў нашай краіне.

У Беларусі ўжо ёсьць шмат досьведу і адмыслоўцаў у гэтай галіне, і можна сказаць, што ўжо ствараецца пэўная экасыстэма. Узьнікаюць новыя кампаніі, якія распрацоўваюць новыя прадукты. Таму трэба заахвоціць далейшае разьвіцьцё гэтага працэсу, бо за гэтым будучыня. Можна толькі вітаць тое, што дзяржава да гэтага ставіцца так спрыяльна.​

— Яшчэ 27 лістапада Мінфін на афіцыйным сайце засьцерагаў грамадзянаў ад інвэставаньня ў крыптавалюты, але ўжо 28 лістапада выдаліў гэтую крытыку з сайту. А што гаворыцца пра крыптавалюты ў праекце дэкрэту, які тычыцца IT-сфэры і ў распрацоўцы якога вы бралі ўдзел?

— Наколькі я ведаю, там будзе разьдзел, які будзе рэгуляваць гэтыя адносіны. Аднак пакуль яго няма, то нешта казаць і камэнтаваць не выпадае.

— Як наагул вы ставіцеся да таго, каб у Беларусі ўвесьці крыптавалюты ў грамадзянскі абарот, пра што пісалася ў анонсе праекту дэкрэту?

— Калі казаць пра блокчэйн (тэхналёгія дэцэнтралізаванага і празрыстага захоўваньня дадзеных любога характару, на аснове якой працуюць крыптавалюты. — РС), то гэта новая тэхналёгія, якую ў нечым можна параўноўваць з інтэрнэтам. У сваёй аснове яна мае ідэю дэцэнтралізацыі. Бо калі зьявіўся інтэрнэт, ён таксама пайшоў ад ідэі дэцэнтралізацыі інфармацыі і адносін у гэтай сфэры. Таму глябальна гэта пазытыўная тэндэнцыя распаўсюджаньня тэхналёгій і розных адносін у гэтай сфэры. Але, як заўсёды, тут ёсьць спэкуляцыі, і любое новае нясе як нешта добрае, так і нешта дрэннае. Таму мае месца асьцярожнасьць да гэтага.

Пракапеня: Беларусь хоча быть «айцішным Ганконгам» для славянскага сьвету

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG