Анімацыйны фільм «І месяц спыніўся» раней атрымаў галоўны прыз «Best Animated Film» на фэстывалі ў Санта Круз у Каліфорніі, галоўны прыз за анімацыю на кінафэстывалі «Лістапад», быў прызнаны найлепшым на фэстывалі «Анімаёўка-2017» у Магілёве, меў узнагароды на міжнародных фэстывалях у Расеі, Дамінікане, Партугаліі і іншых краінах.
Юлія Рудзіцкая нарадзілася ў Менску, цяпер жыве ў Нью-Ёрку, працуе рэжысэрам, аніматарам, ілюстратарам і моўшн-дызайнэрам у розных праектах для ТБ, брэндаў, сацыяльнай рэклямы, кліпах з фокусам на аўтарскае анімацыйнае кіно. 35-гадовая Юлія Рудзіцкая — ляўрэатка шматлікіх міжнародных кіна- і анімацыйных фэстываляў. Яна свабодна гаворыць па-беларуску і працягвае здымаць у Амэрыцы беларускае па духу кіно.
— Гэты фільм шмат паказвалі на розных фэстывалях у розных краінах, і ў Амэрыцы, і ў Эўропе, і ў Азіі. Мне казалі, што ў ім вельмі адчуваюцца моцны ўсходнеэўрапейскі ўплыў і матывы. Асабліва гэта бачаць тыя, хто знаёмы з усходнеэўрапейскай анімацыяй, — распавядала Юлія раней у інтэрвію Свабодзе. — У фільме ёсьць эпізод пра паводку. Я вельмі шмат ідэй, фактуры ўзяла з таго, што бачыла падчас вялікай паводкі ў Беларусі, і як схаваныя сымбалі і дэталі ўключыла іх у фільм. Гэта па духу вельмі беларускі фільм, а не амэрыканскі ў клясычным разуменьні амэрыканскай кінэматаграфічнай традыцыі.
Для мяне было дзіўна і адначасна прыемна, што ў ЗША фільм успрынялі і зразумелі. І ня толькі ў ЗША. Зразумелі яго ў Кітаі і ў Тайляндзе, дзе зусім розныя традыцыі і культура. Гэта аўтарскае кіно. Але ж аўтарская, экспэрымэнтальная анімацыя і ў ЗША адрозьніваецца кардынальна ад мэйнстрыму і камэрцыйнай анімацыі.
У 2011 годзе кароткі фільм Юліі «Будзьма беларусамі» ў 2011 годзе стаў сапраўдным гітом у інтэрнэце.