Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі і дырэктарат складаюць большасьць у абласных і раённых выбарчых камісіях


Чыноўнікі і дырэктарат складаюць большасьць у абласных і раённых выбарчых камісіях, заяўляюць назіральнікі ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую традыцыйна арганізуюць закрыты ўладамі праваабарончы цэнтар «Вясна» і рэспубліканскае праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі Хэльсынскі камітэт».

Свае высновы яны публікуюць на сайце spring96.org.

Пры гэтым адзначаецца, што хоць з разьмешчанай на сайтах абласных, гарадзкіх і раённых выканаўчых камітэтаў інфармацыі можна даведацца пра склад створаных выбарчых камісій, месцы працы іх членаў па-ранейшаму не ўказваюцца.

„Белая Русь“, РГА „БРСМ“, Грамадзкае абʼяднаньне вэтэранаў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі саюз афіцэраў і афіцыйныя прафсаюзы

Як канстатуюць назіральнікі, «значную частку членаў раённых і гарадзкіх выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў традыцыйна складаюць прадстаўнікі пяці-шасьці праўладных грамадзкіх арганізацый. Гэта РГА „Белая Русь“, РГА „БРСМ“, Грамадзкае абʼяднаньне вэтэранаў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі саюз афіцэраў і афіцыйныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі».

Так, у складзе Менскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў — 13 членаў, якія вылучаны ад партый, грамадзкіх абʼяднаньняў, шляхам падачы заяў, і няма ніводнага вылучэнца ад працоўных калектываў. Зь іх восем — кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў вобласьці, начальнікі структурных падразьдзяленьняў абласнога выканаўчага камітэта.

«Прыкладна такое ж „прадстаўніцтва“ дырэктарата ў складзе Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, куды пад маскай грамадзкіх арганізацый і вылучэнцаў ад грамадзян шляхам падачы заяў патрапілі сем кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў абласнога цэнтра», — паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Яны адзначаюць, што ня стала выключэньнем і Віцебская раённая выбарчая камісія, дзе шэсьць з 13 членаў камісіі — начальнікі і кіраўнікі раённых службаў і аддзелаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў і падачы заяў.

Сакратар абласной камісіі Андрэй Кухто зьяўляецца намесьнікам начальніка ўпраўленьня арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкаму

Ня лепшым чынам, адзначаецца ў справаздачы, выглядае сытуацыя і з фармаваньнем Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі, якая складаецца з кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, іх філіялаў і навуковых устаноў (пяць з 13), а таксама з кіраўнікоў праўладных грамадзкіх арганізацый, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у камісію (чатыры з 13). Так, сакратар абласной камісіі Андрэй Кухто, які быў вылучаны Гарадзенскай абласной арганізацыяй прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, зьяўляецца намесьнікам начальніка ўпраўленьня арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкаму.

А вось у складзе Гарадзенскай гарадзкой выбарчай камісіі шмат работнікаў сфэры адукацыі (пяць з 13). Таксама ў камісію ўвайшлі кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, работнікі сфэры аховы здароўя, першы сакратар Кастрычніцкага райкама БРСМ і два супрацоўнікі Гарадзенскага выканкаму, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў.

Рэкардсмэн — Глыбоцкая раённая выбарчая камісія

Рэкардсмэнам жа, заяўляюць назіральнікі, выступае Глыбоцкая раённая выбарчая камісія — «у яе складзе 10 схаваных ад людзкіх вачэй кіруючых работнікаў розных узроўняў, альбо 77% ад усяго складу».

«І гэта пры тым, што партыйныя вылучэнцы прадстаўленыя ў камісіях вельмі сьціпла: шмат дзе абраныя вылучэнцы альбо ад КПБ і Партыі працы і справядлівасьці, альбо толькі ад адной з гэтых партый (Гомельская гарадзкая, Веткаўская, Жлобінская, Кармянская, Рэчыцкая, Рагачоўская, Мазырская раённыя выбарчыя камісіі), ЛДП (Менская і Магілёўская абласная камісіі). Яшчэ горшая сытуацыя з прадстаўніцтвам у камісіях вылучэнцаў дэмакратычных апазыцыйных партый, якіх, за выключэньнем прадстаўніка АГП, практычна няма», — гаворыцца ў справаздачы.

«Рэзэрвам» для больш шырокага прадстаўленьня ў складзе камісій праўладных грамадзкіх арганізацый зьяўляюцца тыя ж вылучэнцы ад грамадзян шляхам падачы заяў, якіх, як правіла, налічваецца па тры-чатыры ў кожнай камісіі, паведамляюць аўтары справаздачы. Так, у склад Гомельскай гарадзкой камісіі вылучана шляхам падачы заявы Натальля Мамрукова, якая зьяўляецца намесьнікам старшыні абласной арганізацыі РГА «Белая Русь». А ў склад Сьветлагорскай раённай выбарчай камісіі ўвайшлі тры прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў, якія ўваходзяць у склад ФПБ. Яшчэ столькі ж прафсаюзных функцыянэраў «замаскіравалася» пад графой «шляхам падачы заяў» (усяго — шэсьць).

Як паведамляюць назіральнікі, у катэгорыю вылучаных грамадзянамі шляхам падачы заяў, як правіла, трапляюць адказныя работнікі райвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і мэдыкі. З чатырох членаў Рэчыцкай раённай выбарчай камісіі, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, — два пэдагагічныя работнікі і чыноўнікі райвыканкама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG