Нехта пералічыў грошы сям’і Рамановічаў, нехта вырашыў дапамагчы, набыўшы вырабы вядомага на Віцебшчыне брэнду, нехта ахвяраваў будаўнічыя прылады, а група жыхароў Віцебску ў гэтую нядзелю прыехала ў Бешанковічы на талаку.
Дом згарэў два тыдні таму, але крымінальную справу дагэтуль не распачалі і вінаватых не знайшлі
Талакой разьбіралі тое, што засталося ад экалягічнага дому з саломы, два тыдні таму. Гэты дом быў адзіны такі ва ўсёй акрузе. Прадпрымальнік Уладзімер Рамановіч пяць гадоў узводзіў яго ў адпаведнасьці з экатэхналёгіямі — з саламяных цюкоў, якія набывалі ў розных сельскіх гаспадарках, потым трамбавалі і ўкладалі паміж рэйкамі. Паводле спадара Ўладзімера, большая частка працаў ужо была зроблена — сьцены былі затынкаваныя звонку, заставалася ўставіць вокны, зрабіць унутраныя працы і падвесьці ўнутр электрычнасьць.
Пра пажар гаспадары даведаліся ранкам 19-га лістапада, калі ім патэлефанавалі зь міліцыі. Паведамілі, што ўночы дом згарэў, але прычыну пажару так і не высьветлілі, апавядае Аляксандра Зьвезьдзянкова, жонка спадара Ўладзімера:
«У міліцыі сказалі, што яшчэ нават ня вырашылі, ці будуць заводзіць крымінальную справу. У мяне на міліцыю спадзеваў мала. Мы ўжо зьвярталіся да іх, бо і раней у нашым доме былі непрыемныя здарэньні. Мы пісалі заявы пра скрадзеныя інструмэнты, рэчы, але нікога і нічога не знайшлі. За колькі тыдняў да пажару Ўладзь паведамляў міліцыянтам, што знайшоў у доме чыйсьці самаробны ліхтар — бутэльку са скруткам прагарэлай саломы ўнутры. Выкарыстаньне такой прылады цалкам можа правесьці да ўзгараньня. Увагі з боку міліцыі да гэтага факту мы яшчэ тады не адчулі».
«Мы зьбіраем на пагарэлішчы ўсё, што яшчэ можна выкарыстаць», — кажуць гаспадары
У сям’і мяркуюць, што пажар мог быць вынікам падпалу. Наступствы здарэньня Ўладзімер Рамановіч ацэньвае ў 15-20 тысяч даляраў. Дом ня быў застрахаваны, бо знаходзіўся ў недабудаваным стане. Таму цяпер гаспадары разьбіраюць пагарэлішча вельмі ашчадна. Паколькі лішніх грошай няма, трэба захаваць усё што толькі магчыма з ацалелых будматэрыялаў, гаворыць спадар Уладзімер:
«Нам ужо казалі. падганіце вы бульдозэр, каб спляжыў усё разам. Адбудуеце, маўляў, на роўным месцы. Але ж не — мы зьбіраем жалезныя вугалкі, шрубы — усё, што яшчэ можна выкарыстаць. Хочам разабраць гэтыя „завалы“ за бліжэйшы месяц, а ўвесну пачынаць будавацца наноў, жалезныя палі засталіся цэлыя. Сьпяшаемся, бо нашаму старэйшаму, Марыюшу, ужо 6 год, увосень трэба будзе ісьці ў школу. Хочам, каб для дзяцей хутчэй было нармальнае жытло — каб у школе не запісалі, што дзеці ў сацыяльна-небясьпечным становішчы».
Уладзімер Рамановіч: «Памочнікаў небагата, але дзякуй тым, хто адгукнуўся»
Увага да Рамановічаў у Бешанковічах вялікая: гэта ці не адзіная на ўвесь райцэнтар беларускамоўная сям’я, спадар Уладзімер — прадпрымальнік, ягоныя жонка Аляксандра — завадатарка розных імпрэзаў і заўсёдная памочніца ў мужавым гандлі таварамі зь беларускай сымболікай. Аднак далёка ня ўсе мясцовыя імкнуцца дапамагчы пагарэльцам ці хаця б паспачуваць.
Пакуль будаваўся дом, маладая сям’я жыла разам з маці Аляксандры. Цяпер бабуля трапіла ў шпіталь. І таму старэйшы Марыюш і малодшы Мілаш таксама на працы разам з дарослымі: Аляксандра прынесла ўдзельнікам талакі гарачую гарбату, і хлопчыкі круцяцца побач, за пару хвілін перапэцкаўшыся ў попеле...
«Тата будаваў дом, ён згарэў. Цяпер тата пабудуе новы», — сур’ёзна разважае трохгадовы Мілаш.
Ён яшчэ не разумее, чаму разам з бацькам працуюць незнаёмыя людзі. Ахвотных дапамагчы сабрала каардынатарка стваранай партыі БХД Тацяна Севярынец. І хаця гэта ўсяго пара чалавек, любая дапамога нялішняя, кажа Ўладзімер Рамановіч. Ён дзякуе усім, хто адгукнуўся на ягоную бяду — і тым, хто пералічыў грошы на ягоны рахунак (на сёньняшні дзень гэта каля 300 рублёў), і тым, хто ахвяраваў будаўнічыя прылады, і тым, хто на знак салідарнасьці актыўна купляе тавары брэнду belarusam.by, і тым, хто абяцаў дапамагчы з будматэрыяламі для новага дому.