Чакаецца, што на форуме зьбяруцца прадстаўнікі малога бізнэсу зь Менску і ўсіх абласьцей краіны, а таксама чыноўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў.
Як паведамляе сайт «Пэрспэктывы», галоўная задача форуму заключаецца ў тым, каб «паказаць на асноўныя праблемныя кропкі ў малым бізнэсе, якія патрабуюць тэрміновага вырашэньня», а таксама «ня даць магчымасьці іх разьвіцьця па нэгатыўным сцэнары для дзяржавы ў цэлым».
«Для рэалізацыі дэкрэту яшчэ 200 крокаў». Лідэры прадпрымальнікаў пра новы дэкрэт прэзыдэнта
На думку сябраў аб’яднаньня, эфэктыўныя ўмовы для бізнэсу ў Беларусі можна стварыць «толькі пры шчыльным узаемадзеяньні уладаў і прадпрымальніцкай супольнасьці». У «Пэрспэктыве» падкрэсьлілі, што патрабаваньні, выстаўленыя ўдзельнікамі кастрычніцкага форума прадпрымальнікаў, застаюцца актуальнымі да таго часу, пакуль улады ня выканаюць іх у поўным аб’ёме.
У прыватнасьці прадпрымальнікі патрабуюць:
- укараніць патэнтавую сыстэму для ІП, занятых у розьнічным гандлі;
- пазбавіць іх ад абавязку рабіць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за нерабочы пэрыяд;
- адмяніць абавязацельства, па якім прадпрымальнікі, якія гандлююць у розьніцу нехарчовымі таварамі, павінны пацьвярджаць адпаведнасьць прадукцыі патрабаваньням тэхнічных рэглямэнтаў ЕАЭС;
- уключыць у Раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры прэзыдэнце прадстаўнікоў «Пэрспэктывы»;
- зьнізіць штрафы і забараніць адабраньне і канфіскацыю ў прадпрымальнікаў тавараў за парушэньне ўмоваў прадпрымальніцкай дзейнасьці;
- забараніць усе віды праверак суб’ектаў малога бізнэсу на пяць гадоў і навязваньне экспэртызаў якасьці тавараў.
- змусіць арэндадаўцаў ўсіх формаў уласнасьці не павышаць арэндную плату для прадпрымальнікаў больш чым на паказчык інфляцыі;
- не пашыраць пералік тавараў, якія падлягаюць радыёчастотнаму маркіраваньню;
- не распаўсюджваць на прадпрымальнікаў патрабаваньне па электронным таваразвароце ў рамках будучага указу «Аб стварэньні нацыянальнай сыстэмы нагляду і разьвіцьця электроннага дакумэнтазвароту»;
- вырашыць праблему зь нядобрасумленнымі гандлярамі з Сярэдняй Азіі.