Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International ініцыявала кампанію салідарнасьці з палітвязьнем Зьмітром Паліенкам


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Праваабаронцы заклікаюць слаць лісты Зьмітру Паліенку ў Бабруйскую калёнію.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала беларускія ўлады тэрмінова вызваліць грамадзкага актывіста Зьмітра Паліенку, якога праваабаронцы лічаць вязьнем сумленьня. Людзей, якія спачуваюць Паліенку, праваабаронцы заклікалі пісаць яму лісты ў Бабруйскую калёнію.

Пра пачатак кампаніі салідарнасьці са Зьмітром Паліенкам Свабодзе паведаміла супрацоўніца эўрапейскага і цэнтральнаазіяцкага офісу Amnesty International Айша Юнг.

Беларускія праваабаронцы таксама лічаць Паліенку палітвязьнем і патрабуюць ягонага вызваленьня і перагляду крымінальнай справы.

Грамадзкі актывіст Зьміцер Паліенка знаходзіцца ў Бабруйскай калёніі ўжо болей за паўгода.

Летась у кастрычніку Зьміцер быў асуджаны на 2 гады з адтэрміноўкай паводле абвінавачаньня ў гвалтоўных дзеяньнях да супрацоўніка міліцыі. Паводле суду, актывіст парваў супрацоўніку ДАІ вопратку і штурхнуў яго падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса», якая адбылася ў Менску ў траўні 2016 году.

Тады падчас сьледзтва Зьміцер Паліенка адбыў у ізалятары паўгода. Гэты час яму залічылі, калі сёлета ў красавіку яго зноў судзілі і ўсё ж адправілі ў Бабруйскую калёнію — за тое, што не выконваў умоваў адтэрміноўкі пакараньня (удзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях пратэсту).

Зьміцер Паліенка, архіўнае фота 2016 годк
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота 2016 годк

Бацька палітвязьня Аляксандр Паліенка, які 23 лістапада бачыўся зь ім у Бабруйскай калёніі, не выключае верагоднасьці таго, што ў калёніі ягонаму сыну яшчэ і павялічаць тэрмін зьняволеньня.

«Сын казаў, што да яго наўмысна чапляюцца, ужо тройчы адпраўлялі ў карцэр. То нібыта курыў у неналежным месцы, то за незасланы ложак. Думае, робяць зь яго злоснага парушальніка, каб лягчэй было ўжыць 411-ы артыкул Крымінальнага кодэксу аб „непадпарадкаваньні законным патрабаваньням адміністрацыі“. А за гэта сьвеціць яшчэ год», — паведаміў Аляксандар Паліенка.

На думку бацькі вязьня, міжнародная кампанія салідарнасьці зь ягоным сынам будзе вельмі карыснай.

Гэта вялікая маральная падтрымка, калі чалавек атрымлівае ў турме лісты зь іншых краінаў. Да яго проста інакш ставяцца, ў тым ліку і адміністрацыя.

«Можа, нарэшце ад яго адчэпяцца. Калі ня вызваляць датэрмінова, дык хоць ня будуць ужываць 411-ы артыкул, бо цяпер гэта на кантролі шмат у каго ў сьвеце. Ведаю, што ўвогуле гэта вялікая маральная падтрымка, калі чалавек атрымлівае ў турме лісты зь іншых краінаў. Да яго проста інакш ставяцца, ў тым ліку і адміністрацыя», — пракамэнтаваў навіну пра міжнародную кампанію салідарнасьці з сынам Аляксандар Паліенка.

Паводле суду, Зьміцер Паліенка мусіць выйсьці на волю ў кастрычніку 2018 году.

Адрас Зьмітра Паліенкі ў калёніі: 213800, Магілёўская вобласьць, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG